З 18-ці пяцікласнікаў сярэдняй школы №18 будуць выхоўваць «законапаслухмяных грамадзян», піша БЕЛТА. Нібыта ў астатніх класах і школах знарок выхоўваюць правапарушальнікаў, а то і махляроў, злодзеяў, забойцаў. Таксама паведамляецца, што вучні «прававога класа» павінны выхоўвацца «юнымі патрыётамі». Пытанне тое самае: хіба ў іншых навучальных установах вучацца «юныя здраднікі Радзімы» . І яшчэ адно: чаму ў разуменні сучасных беларускіх ідэолагаў праявай патрыятызму лічыцца жаданне працаваць у міліцыі? Бо яшчэ адна мэта стварэння «прававога класа» - гэта «арганізацыя кадравага адбору ў органы ўнутраных спраў са школьнай парты».

З7-гадоваму прарабу адной з буйных будаўнічых арганізацый у мэсэнджэры патэлефанавала невядомая жанчына, якая назвалася «дазнаўцам спецслужбы». Мужчыну не збянтэжыла, што да яго тэлефануюць ад імя дзіўнай структуры, і ён працягнуў размову. Жанчына заявіла, што ў дачыненні да віцябляніна распачата крымінальная справа за здраду Радзіме, бо з яго рахунку нібыта адпраўлена буйная сума на фінансаванне Узброеных сіл Украіны. І што цяпер ён мусіць давесці, што гэтага не рабіў, выконваючы далейшыя ўказанні. У выніку мужчына страціў усе грашовыя сродкі, якія былі на ягоных банкаўскіх картак.

Усяго два мерапрыемствы падрыхтаваў сёлета аршанскі музей пісьменніка-земляка, які нарадзіўся ў Оршы 26 лістапада 1930г. Яшчэ летась, як і раней, на ягонай малой радзіме ладзілі Тыдзень памяці вядомага літаратара. Імпрэзы праводзіліся ў школах, бібліятэках, установах культуры, а ключавым мерапрыемствам заўсёды былі публічныя літаратурныя чытанні каля помніка Уладзіміру Караткевічу ў гарадскім парку. Сёлета іх вырашылі правесці не для гарадской грамадскасці, а для вузкага кола вучняў, настаўнікаў і ўдзельнікаў літаб“яднання «Дняпроўскія галасы» - перанеслі чытанні ў музей і правялі за закрытымі дзвярыма.

Віцебскія ўлады прызнаюць праблемы на рынку працы і канстатуюць, што паказчыкі занятасці застаюцца на леташнім узроўні. Згодна са статыстычнымі данымі за дзесяць месяцаў бягучага года колькасць занятых у эканоміцы Віцебскай вобласці скарацілася на 8,1 тыс. чалавек. За ўвесь папярэдні год з рэгіянальнай эканомікі зышлі 8,6 тыс. работнікаў.

У чацвер, 30 лістапада, прадстаўнікі адной праваахоўных структур прыйшлі ў будынак Віцебскай ТРК, правялі ператрус у кабінеце галоўнага рэжысёра Сяргея Арлова, пасля чаго яго затрымалі. Яшчэ адзін ператрус быў праведзены па месту жыхарства затрыманага. Што прычынілася цікавасці следчых органаў да персоны галоўнага рэдактара дзяржкампаніі ўлады пакуль не паведамілі.