У Паставах міліцыянты патрулююць пляжы і вядуць за імі відэаназіранне
На Пастаўшчыне райвыканкам вызначыў чатыры месцы масавага адпачынку грамадзян, дзе дазволена купацца. Гэта пляжы ракі Мядзелкі ў гарадскім парку, азёр Задзеўскае з боку вуліцы Зялёнай у Паставах, Белае з боку СТК “Азёркі” і Дубок. І там зараз рэгулярна праз 2 гадзіны з’яўляюцца міліцыянты. А калі паветра прагрэецца да 28 градусаў цяпла, то міліцыянты будуць знаходзіцца на пляжах пастаянна.
Мірсалімава прапануе размясціць на білбордах «российских героев СВО» замест надпісаў па-беларуску
Віцебская апалагетка «русского мира» Эльвіра Мірсалімава лічыць, што беларусаў трэба прыцягваць да вайны ва Ўкраіне «у аблегчаным варыянце». Заявіўшы, што расейскае кіраўніцтва, напэўна, мае свае рэзоны, калі не патрабуе непасрэднага ўдзелу Беларусі ў так званай «СВО» - «Специальной военной операции», яна прапануе мясцовым чыноўнікам ўсё ж такі арганізаваць пэўныя захады, «каб беларускае грамадства не скатвалася ў антырасейскую рыторыку». Ідэя размясціць на білбордах партрэты расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць ва Ўкраіне, «замест бясконцых бела-чырвоных арнаментаў і надпісаў «Мама =мова» далёка не адзіная. Але чым далей сягаюць фантазіі Мірсалімавай, тым больш смешна выглядаюць яе спробы прасоўваць «русский мир» у Віцебску.
Вандалізм у «віцебскіх Курапатах»: знішчаны крыжы, шыльды і ўказальнікі да месцаў расстрэлаў
Скрушную карціну заспелі наведнікі мемарыялу, узведзенага ў памяць ахвяраў «сталінскіх» расстрэлаў каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну. Невядомыя выламалі драўляныя крыжы, на якіх былі шыльды з прозвішчамі расстраляных, знішчылі ўказальнікі, па якіх можна было дайсці да ямін, дзе ў 2014 годзе былі знойдзены выкінутыя на паверхню чалавечыя парэшткі. Відавочна, што жалезныя апоры былі зрэзаны, жалезная шыльда з надпісам «Мамарыял «Хайсы» знята з балтоў, а рамка пагнута. На думку Яна Дзяржаўцава, стваральніка ініцыятывы «Хайсы- віцебскія Курапаты», гэта сведчыць пра арганізаваную дзейнасць уладаў дзеля знішчэння памяці пра гэтае месца масавых расстрэлаў.
Супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ігара Бортніка і Ігара Супранёнка перавялі ў СІЗА-2
Пра гэта стала вядома навінаваму рэсурсу «Позірк» ад крыніцы, якая прасіла не называць сваіх дадзеных. Бортніка і Супранёнка перавялі ў віцебскі следчы ізалятар падчас адбыцця арыштаў, прычым для кожнага з іх гэта быў другі запар арышт, прысуджаны па адміністрацыйных справах. За краты мужчыны трапілі ў выніку міліцэйскага хапуну 29 і 30 сакавіка, калі былі затрыманыя 11 былых і цяперашніх супрацоўнікаў Полацкага музея- запаведніка. Ва ўсіх правялі ператрусы, забралі кампутары і мабільныя тэлефоны, а пазней асудзілі па адміністрацыйных справах. Як стала вядома праваабаронцым, загадчыца экспазіцыйнага аддзелу Тамара Джумантаева была звольнена падчас адбыцця прысуджанага арышту.
Відэазапіс з допыту Леаніда Гаравога выкарысталі ў «Панараме» на БТ
13 красавіка ў «Панараме» – публіцыстычнай перадачы канала «Беларусь 1» быў паказаны сюжэт пад назвай «Как вливают средства на раскачку Беларуси в регионах и за сколько готовы продать Родину?» У якасці адмоўнага героя, «прадстаўніка «старой апазіцыі», гледачам прадставілі Леаніда Гаравога – актывіста з Гарадка, сябра БСДП Грамада і руху «За свабоду». У відэасюжэце былі выкарыстаны здымкі допыту спадара Гаравога, якога затрымалі 15 сакавіка і асудзілі на 15 сутак арышту. Таксама ў «Панараме» паказалі, як спадара Леаніда, ужо сівога чалавека ў пенсійным узросце, двое мажных міліцыянтаў цягнуць у пастарунак.