Панядзелак, 15 Май 2023

Вандалізм у «віцебскіх Курапатах»: знішчаны крыжы, шыльды і ўказальнікі да месцаў расстрэлаў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Скрушную карціну заспелі наведнікі мемарыялу, узведзенага ў памяць ахвяраў «сталінскіх» расстрэлаў каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну. Невядомыя выламалі драўляныя крыжы, на якіх былі шыльды з прозвішчамі расстраляных, знішчылі ўказальнікі, па якіх можна было дайсці да ямін, дзе ў 2014 годзе былі знойдзены выкінутыя на паверхню чалавечыя парэшткі. Відавочна, што жалезныя апоры былі зрэзаны, жалезная шыльда з надпісам «Мамарыял «Хайсы» знята з балтоў, а рамка пагнута. На думку Яна Дзяржаўцава, стваральніка ініцыятывы «Хайсы- віцебскія Курапаты», гэта сведчыць пра арганізаваную дзейнасць уладаў дзеля знішчэння памяці пра гэтае месца масавых расстрэлаў.

Паводле спадара Дзяржаўцава, наўрад ці вандалізм у дачыненні да мемарыяла можна аднесці на рахунак нейкіх хуліганаў, якія выпадкова апынуліся ў гэтых мясцінах:

Хуліганы маглі зламаць адзін-два драўляных крыжы, але ж знішчаны практычна ўсе. Каб зрэзаць указальнікі, адназначна патрэбная тэхніка. Ламаць шыльды на крыжах на вышыні 3-4 метры таксама не стане выпадковы мінак. Я мяркую, усё гэта было зроблена знарок, і вінаваты тут не простыя людзі. Жыхары найбліжэйшых вёсак выдатна ведаюць пра тутэйшыя падзеі ў 1937-38 гады, яны самі дзяліліся ўспамінамі, пачутымі ад старэйшага пакалення, і выказвалі адназначнае меркаванне, што ў памяць пра бязвінна забітых патрэбны мемарыял... Але гэтую думку катэгарычна не падзяляюць у Мазалаўскім сельсавеце, ад самага пачатку там выказвалі незадавальненне нашай дзейнасцю па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінізму. Не выключаю, што па загадзе мясцовых уладаў і былі знішчаны крыжы, шыльды і ўказальнікі.

Пытанне, што цяпер рабіць, вельмі складанае для Яна Дзяржаўцава. Усталёўваць новыя крыжы ў цяперашніх умовах наўрад ці мае сэнс, бо найверагодней, што самаробны мемарыял будуць знішчаць у надалей. Застаецца спадзявацца на надыдход лепшых часоў, і на тое, што ініцыятыва «Хайсы -віцебскія Курапаты» паспела зрабіць дастаткова шмат для таго, каб памяць пра гэтае «расстрэльнае месца» ужо не знікла. У прыватнасці, Яну Дзяржаўцаву з аднадумцамі ўдалося сабраць сведчанні каля 40 мясцовых жыхароў пра расстрэлы каля Хайсоў, і гэтыя яны ўвайшлі ў зборнік успамінаў, выдадзены пазалетась у Віцебску.

Пра тое, што ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле мясцовыя жыхары знаходзяць выкінутыя з зямлі чалавечыя парэшткі, cябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў даведаўся яшчэ ў пачатку 2000-х. Пра жахлівыя знаходкі яму распавёў жыхар вёскі Лужасна Іван Кудзінаў. У лістападзе 2014г. віцебскія журналісты і актывісты на свае вочы ўбачылі ў лесе чалавечыя косткі і чарапы. 14 лістапада2 014г. тут у першы раз ушанавалі памяць ахвяраў: у трох месцах, дзе былі самыя вялікія яміны з парэшткамі, усталявалі крыжы.

Да 2022 году самаробны мемарыял складаўся з больш як трох дзясяткаў драўляных крыжоў, тры жалезныя крыжы з інфармацыйнай шыльдай былі ўсталяваныя каля дарогі з боку вёскі Хайсы, яшчэ адзін жалезны крыж актывісты паставілі на ўскрайку лесу – каля сцежкі, што вядзе да ямін з парэшткамі ад чыгункі Віцебск-Гарадок.

Ямы з парэшткамі двойчы даследавалі адмыслоўцы 52-га пашуковага батальёну, які займаецца невядомымі пахаваннямі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – іншай структуры для працы з чалавечымі парэшткамі ў Беларусі няма. Актывістаў да месца раскопак не дапусцілі і з высновамі вайсковых археолагаў пазнаёмілі толькі часткова – выключна з фрагментам, дзе сцвярджалася, што былі знойдзеныя артэфакты часоў мінулай вайны. Чалавечыя парэшткі былі выкапаны і перапахаваны на брацкіх вайсковых могілках каля станцыі Лужасна і ў агульнай магіле на ўскрайку грамадзянскіх могілак у пасёлку Мазалава.

Кірыл Нядзведзкі