У Віцебску актывісты “Маладых хрысьціянскіх дэмакратаў” зладзілі акцыю салідарнасьці з наваполацкім дэмакратычным актывістам Андрэем Гайдуковым, які абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве. Падчас акцыі ў двох раёнах і ў цэнтры Віцебску (побач з абласным судом, дзе праходзіць працэс над Гайдуковым) былі расклееныя ўлёткі супраць судовага працэсу. Гэтымі ўлёткамі актывісты МХД хацелі паказаць, што беларусаў прымушаюць ня думаць пра тое, што адбываецца вакол, і забараняюць абмяркоўваць гэта, у адваротным выпадку – людзям таксама пагражае стаць “шпіёнамі” і “здраднікамі”, як Андрэй Гайдукоў.

Надыход каляндарнага лета моладзь Віцебску адзначыла флэш-мобам «Мокрыя войны», падчас якога змагалася ў гарадзкіх фантанах. Акцыя была арганізаваная праз сацыяльную сетку «УКантакце», дзе на адмысловую сустрэчу запісаліся больш за 700 чалавек, праўда толькі палова зь іх як стопрацэнтныя ўдзельнікі. Флэшмоб працягваўся паўгадзіны, а затым мокрую моладзь, якая весялілася, разагналі байцы палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня, якія прыбылі да фантанаў на двух аўтамабілях.

Актывісты “Гавары праўду” зь Віцебску правялі падпісную кампанію пад патрабаваньнем да мясцовых уладаў даць справаздачу аб расходаваньні сродкаў гарадзкога бюджэту. Пад зваротам, адрасаваным у мясцовыя выканаўчыя ворганы ўлады “Хочам ведаць, куды ідуць нашы грошы!», падпісалася звыш зп пяцьдзясят чалавек.

У Віцебску мясцовыя актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” напярэдадні Міжнароднага дня сям’і, які адзначаецца 15 траўня, правялі акцыю ў абарону сямейных каштоўнасьцяў. Ля віцебскай ратушы – месца адпачынку гараджанаў – яны раздавалі брашуры БХД “За сямейныя каштоўнасьці”. Як паведаміла каардынатарка аргкамітэту БХД Тацьцяна Севярынец, усяго было раздадзена каля сотні такіх брашураў.

Каб скласьці пратакол на сябра КХП-БНФ Віталя Каваленку, супрацоўнікі міліцыі прыехалі да яго на працу. Копію пратаколу яму не ўручылі, сказалі, што вышлюць па пошце. Брата былога палітвязьня Сяргея Каваленкі абвінавачваюць у правядзеньні несанкцыянаванага пікету ў цэнтры Віцебску 26 красавіка.