Каля пяцісот пілігрымаў, сьвятароў і манашак з усёй Беларусі зьехаліся ў Росіцу Верхнядзьвінскага раёну, каб ушанаваць памяць загінулых. За часамі нямецкай акупацыі там было спалена 1528 мірных жыхароў разам з двума ксяндзамі – Юрыем Кашырам і Антоніем Ляшчэвічам. Як кажа біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, Росіца – непрыкметнае, на першы погляд, месца, але мае надзвычайную прыцягальную моц для людзей.

Віцебскія ўлады, якія ня першы год рупяцца пра тое, каб усяляк абмежаваць магчымасьці правядзеньня якіх-кольвек масавых акцыяў праціўнікамі дзеючага палітычнага рэжыму, здаецца, памыліліся, калі вызначалі месцы, забароненыя для пікетаў з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў дэпутатаў. Акцыя апазыцыі ўсё-такі адбылася – пікет у самым цэнтры гораду! І пасьля гэтага, здаецца, чыноўнікі зрабілі аргвысновы…

У Полацку прайшоў пакуль адзіны пікет па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдата ў мясцовы савет дэпутатаў. Подпісы зьбіраліся за старшыню Свабоднага прафсаюзу заводу «Шкловалакно» Віктара Стукава. Пікет быў арганізаваны пры падтрымцы работнікаў заводу і заводзкай пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу. Ладзілася мерапрыемства 5 лютага ў 17 гадзін у сквэры на праспэкце Францішка Скарыны каля капліцы памяці палачан, якія загінулі ў Афганістане.

12 студзеня лекар Ігар Пастноў хацеў зладзіць адзіночны пікет-рэквіем супраць міліцэйскага свавольства. Пікет мусіў адбыцца ў месцы, адмыслова адведзеным віцебскімі ўладамі пад масавыя мерапрыемствы, аднак намесьнік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Анатоль Кандратовіч забараніў імпрэзу – лекар не заключыў дамоваў з мэдыкамі, міліцыянтамі і камунальнікамі. У выніку Ігар Пастноў зладзіў пікет за межамі гораду, у лесе.

З 10 студзеня аднаўляецца праца рынку ў Гарадку. Гэта рашэньне было прынятае напярэдадні, пасьля сустрэчы прадпрымальнікаў з уладамі у Гарадоцкім райвыканкаме. У сустрэчы ўзялі ўдзел старшыня Віцебскага аблсавету Аляксандар Ацясаў, старшыня Гарадоцкага райвыканкаму Васіль Муранкоў і старшыня Віцебскага аблспажыўсаюзу Аляксандар Шынкарэнка.