Субота, 07 Чэрвень 2014

Прадпрымальнікі Віцебску змагаюцца за свае правы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

За тры тыдні да ўступленьня ў сілу новых правілаў гандлю індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) Віцебску выступілі са зваротам да прэзыдэнта і ўраду. 5 чэрвеня ІП, якія гандлююць на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Віцебску, прыпынілі на дзень працу ў знак пратэсту супраць новаўвядзеньняў. Па выніках акцыі быў прыняты зварот да Аляксандра Лукашэнкі і Савету міністраў, які адпраўлены адрасатам 8 чэрвеня.

Аўтары звароту, віцебскія прадпрымальнікі, нагадваюць, што ў 90-я гады менавіта “ІПэшнікі пазбавілі краіну ад пустых прылаўкаў, насыцілі рынкі разнастайным таварам па даступнай цане”. “Сёньня ІП стаяць на мяжы закрыцьця. Нарматыўныя дакумэнты розных міністэрстваў узгодненыя паміж сабой, указ №222 ня ўнёс яснасьці ў гаспадарчую дзейнасьць ІП. Для падатковай інспэкцыі нашы рэшткі можна рэалізаваць без дакумэнтаў, для службаў стандартызацыі і гігіены — не. Для іх паняцьця “рэшткі” не існуе. Не разумеючы, што адбываецца, мы зьвяртаемся да вас са сваімі прапановамі”, — гаворыцца ў звароце.

Па-першае, ІП мяркуюць, што патрабаваньні да прадпрымальнікаў без утварэньня юрыдычнай асобы, якія займаюцца рэалізацыяй тавару ў краінах-удзельніцах Мытнага саюзу, павінны быць аднолькавыя. Апрача таго, на агульнай мытнай прасторы павінны дзейнічаць нацыянальныя сэртыфікаты.

Аўтары звароту прапаноўваюць даць ІП магчымасьць “рэалізоўваць, транспартаваць і захоўваць рэшткі тавараў, завезеных у краіну па раней дзеючых нарматыўных дакумэнтах, без абцяжараньня іх дадатковымі ўмовамі, згодна з вопісам рэшткаў і бяз тэрміну рэалізацыі”. Адзіная ж стаўка падатку з павышаючымі каэфіцыентамі павінна выплачвацца без дадатковага падаткаабкладаньня.

Зьвяртаючы ўвагу прэзыдэнта і ўраду на свае праблемы, прадпрымальнікі спрабуюць перш за ўсё знайсьці кампраміс і выпрацаваць рэальныя ўмовы для сваёй працы, падкрэсьліваецца ў дакумэнце. “Зь ліпеня мы папросту ня зможам працаваць, калі ня будзе знойдзены кампраміс”, — сьцьвярджаюць яго аўтары. Зварот віцебскіх ІП да прэзыдэнта і ўраду завяршаецца словамі: “Мы — за даступныя цэны для ўсіх слаёў грамадзтва”.

Як паведаміла Ірына Яскевіч — адзін з падпісантаў дакумэнту, старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу “Разам”, ужо на наступным тыдні віцебскія ІП пачнуць падаваць у падатковыя органы нулявыя дэклярацыі. Калі ж улады ня пойдуць прадпрымальнікам насустрач — з 1 ліпеня ІП спыняць працу.

Нагадаем, указ прэзыдэнта №222 аб рэгуляваньні дзейнасьці ІП набывае моц 1 ліпеня. Ён забараняе гандаль безь сэртыфікатаў і суправаджальных дакумэнтаў на тавары, у тым ліку што завозяцца з краін Мытнага саюзу. Прадпрымальнікі сьцьвярджаюць, што гэтае патрабаваньне невыканальнае — яно залежыць не ад іх, а ад пастаўшчыкоў, у асноўным расейскіх, у якіх атрымаць патрэбныя дакумэнты амаль немагчыма.

За некалькі месяцаў да прыняцьця ўказу прадстаўнікі прадпрымальніцкай грамадзкасьці заклікалі прэзыдэнта ня ўводзіць норму пра абавязковасьць суправаджальных дакумэнтаў для ІП, аднак іх меркаваньне не было пачутае. Паводле падлікаў экспэртаў, пасьля 1 ліпеня каля 80 тысяч ІП могуць застацца бяз працы.

БелаПАН