Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар па Віцебскай вобласьці ПАГА «Рух “За свабоду”», Аляксей Гаўруцікаў - давераная асоба колішняга кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, а цяпер палітвязьня Статкевіча Мікалая Віктаравіча, Ян Дзяржаўцаў, сябра КХП БНФ, і Кастусь Смолікаў, намесьнік Віцебскай абласной рады партыі БНФ падалі заяву ў Віцебскі гарвыканкам аб правядзеньні вулічнага шэсьця і мітынгу. Імпрэзы заплянаваныя на 27 ліпеня.

Улады ў чарговы раз забаранілі Паўлу Левінаву зладзіць масавае мерапрыемства ў Віцебску. У гэты раз віцебскі праваабаронца прасіў дазволіць яму правесьці сход у … лазьні. У гарадзкой лазьні №1 ён хацеў пагаманіць пра здаровы лад жыцьця зь дзесяцьцю алкагольна-залежнымі грамадзянамі. Аднак намесьнік старшыні адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна адказала праваабаронцу забаронай.

Больш за 286 мільёнаў рублёў сабрана ў Віцебскай вобласьці падчас месячніку Чырвонага Крыжа, які праходзіў у траўні пад дэвізам “Год актыўнага валянтэрства”. Пра гэта паведамілі ў абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК).

У Віцебску пададзеная заяўка на правядзеньне пікету ў падтрымку будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў мікрараёнах Білева. Заяўленая мэта пікету – прыцягненьне ўвагі да праблемы мікрараёнаў Білева, у тым ліку адсутнасьці паліклінікі, паведаміла каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Тацьцяна Севярынец. Яна таксама распавяла, што на цяперашні момант у падтрымку будаўніцтва паліклінічнага комплексу ў межах распачатай у траўні кампаніі “За якасную мэдыцыну для ўсіх” ужо сабрана 4090 подпісаў.

За пару дзён пэтыцыя на сайце www.change.org з просьбай зрабіць парк Фрунзэ і пойму Віцьбы безалькагольнай зонай, якая будзе накіраваная старшыню Віцебскага аблвыканкаму Аляксандру Косінцу, сабрала больш за паўтысячы подпісаў.