Улады забаранілі мітынг, прымеркаваны да ўгодкаў Чарнобыля
Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна забараніла партыі БНФ правядзеньне мітынгу, прымеркаванага да 27-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Заяўку на правядзеньне мерапрыемства падаваў кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Леанід Аўтухоў.
Абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі
Рашэньне Першамайскага райсуду, якое спрабаваў абскардзіць віцебскі актывіст КХП БНФ, засталося безь зьменаў – Сяргей Каваленка мусіць выплаціць 1 мільён штрафу, прысуджанага яму за дробнае хуліганства. І падчас працэсу 26 сакавіка ў Першамайскім райсудзе Віцебску, і ў абласным судзе Каваленка спрабаваў давесьці сваю невінаватасьць. Але судзьдзя абласнога суду Ірына Смалякова падтрымала рашэньне судзьдзі Першамайскага райсуду Валянціны Кісьмярошкінай.
Пятра Іванова аштрафавалі на 4 мільёны рублёў
Судзьдзя Першамайскага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна прызнала апазыцыянэра Пятра Іванова вінаватым у ілжэсьведчаньні на супрацоўніка міліцыі і ў непадпарадкаваньні міліцыянтам. Агульная сума двух штрафаў — 4 мільёны рублёў. У судзе згадалі інцыдэнт, які здарыўся ў Віцебску 16 лютага. Тады Пётар Іваноў стаў сьведкам затрыманьня актывістаў аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава, якія выйшлі ў цэнтар Віцебску з расьцяжкай «Свабоду палітвязьням».
Судзьдзя Грабоўская засталася беспакаранай
«У ходзе праведзенай праверкі фактаў грубых і непаважлівых адносін да ўдзельнікаў працэсу з боку судзьдзі суду Кастрычніцкага раёну г. Віцебску Грабоўскай І. В. ня выяўлена, падстаў для прыцягненьня яе да дысцыплінарнай адказнасьці ня ўгледжваю», – гэтак першы намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму Ігар Каржоў адказаў на заяву, якую накіроўваў у згаданае ведамства кіраўнік віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў.
Лукашэнка аб’явіў вымову Косінцу
Аляксандар Лукашэнка аб’явіў вымову міністру архітэктуры і будаўніцтва Анатолю Нічкасаву і старшыні Віцебскага аблвыканкаму Аляксандру Косінцу за непрыняцьце належных мер па выкананьні даручэньня кіраўніка дзяржавы аб завяршэньні будаўніча-мантажных работ па аб’екце “Арганізацыя вытворчасьці драўнянавалакністых пліт МДФ/ХДФ ААТ “Віцебскдрэў”. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідэра.
Яшчэ адна заяўка на акцыю да 27-й гадавіны Чарнобыля пададзеная ў Віцебску
Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў накіраваў у адміністрацыю Кастрычніцкага раёну Віцебску заяўку на правядзеньне пікету 26 красавіка. Пікет прымеркаваны да 27-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Нагадаем, гэта не адзінае мерапрыемства, заплянаванае на 26 красавіка апазыцыйнымі палітыкамі ў Віцебску: раней заяўку на правядзеньне мітынгу падаваў абласны старшыня партыі БНФ Леанід Аўтухоў.
У Віцебску распачала працу “Школа мадэрнізацыі”
Навучаньне арганізаванае намаганьнямі актывістаў руху “За свабоду” на базе мясцовага Эўраклюбу. Дзейнасьць школы ў Віцебску каардынуе Юры Нагорны. Першыя заняткі правеў палітоляг Юры Чавусаў. Да працы ў школе будуць запрашацца экспэрты ў галіне мясцовага самакіраваньня, рыначнай эканомікі, правазнаўства, працы СМІ, грамадзянскай супольнасьці, рэформаў ЖКГ, адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны.
Павал Севярынец: Каго можна скарачаць — дык найперш раённых ідэолягаў
Павал Севярынец, які адбывае за Плошчу тры гады «хіміі» ў Пружанскім раёне, паведаміў пра свае назіраньні за пасяўной, якая пачалася на Берасьцейшчыне. Палітвязень кажа пра аўральнасьць гэтай кампаніі й называе тых, хто, як ён мяркуе, сваёй актыўнасьцю насамрэч перашкаджае працаўнікам сельcкай гаспадаркі.
Правядзеньню пікету ў Віцебску замінае… бокс
Віцебскія актывісты атрымалі ліст ад “хуткай дапамогі”, якая адмовілася ад дзяжурства на пікеце 12 красавіка. Прычына адмовы – занятасьць мэдыкаў на спаборніцтве па боксе. Мінулым разам лекары цэнтральнай паліклінікі спасылаліся на “ўспышку сэзонных захворваньняў” у Дзень Волі і ня сталі заключаць дамову з актывістамі на гэтай падставе. А без дамоваў пікеты не дазваляюць.
Суд над Пятром Івановым адкладзены
Суд над віцебчуком Пятром Івановым, затрыманым раніцай 12 красавіка ў будынку абласнога ДАІ, распачаўся ў гэты самы дзень пад канец працоўнага дня. Спадар Іваноў заявіў хадайніцтва аб удзеле ў судовым працэсе адваката. Судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Андрэй Прэйс хадайніцтва задаволіў. Пятру Іванову дадзены час да 11:00 17 красавіка, каб заключыць дамову з адвакатам. Да гэтага часу ён адпушчаны дадому.