Серада, 13 Лістапад 2024

Паўтара гады людзі змагаліся за рамонт у сваім двары. І дамагліся!

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхары дома 19 корпус 4 па вуліцы Чкалава ў Віцебску сталі закладнікамі рамонту дарогі, праведзенага ў 2023 годзе. Дарогу абнавілі, але ў двары з'явілася праблема: лужына, з-за якой людзі вымушаны хадзіць па праезднай частцы і падвяргаць сваё жыццё небяспецы. Вада застойваецца не толькі на паверхні: падчас дожджоў яна залівае падвалы.

Вынікам такіх рэгулярных затапленняў стала псаванне маёмасці жыхароў дома, якая знаходзіцца ў падвале, непрыемны пах у пад'ездах дома, небяспека абвастрэння эпідэміялагічнай сітуацыі . Людзі шматразова паведамлялі аб праблеме ў службу 115.бел, тэлефанавалі ва ўпраўленне ЖКГ па г. Віцебску і па Віцебскай вобласці, а таксама ў «Водаканал» і «Гардармост». Але праблема не вырашалася. Ваду адпампоўвалі, але падчас наступнага дажджу праблема паўтаралася зноў.

Заяўкі наконт праблемы ігнараваліся, аж пакуль гарадскія актывісты не сабралі дзясятак фотаздымкаў і не паслалі іх у камітэт Дзяржкантроля. Праўда, і туды давялося звартацца двойчы, бо першы раз КДК проста накіраваў заяву з подпісамі ў гарвыканкам. Другі раз было паведамлена, што «до 01.10.2024 ГП «Гордормост» установит ливнеприемный колодец. Попадание воды в подвал вызвано разрушением отмостки, её ремонт также запланирован до 01.10.2024». І нарэшце атрыманы адказ з Віцебскага гарвыканкама. Паводле яго, адмостку вакол дома ўжо зрабілі, а вось працы па водаадвядзенню плануецца завяршыць толькі да 15 лістапада.

Віялета Смунева