Грамадзкія актывісты (пераважна – моладзь) будуць праходзіць навучаньне два разы ў месяц па дысцыплінах “Дзяржаўны стан у дэмакратычнай краіне”, “Грамадзянская супольнасьць”, “Мясцовае самакіраваньне”. Цягам году плянуецца правесьці 20 заняткаў па 4 гадзіны кожныя. Слухачы школы таксама ўдасканаляць свае веды па ангельскай мове. Асобным радком будуць праходзіць заняткі па практычным выкарыстаньні беларускай мовы.
“Маладым давядзецца праводзіць мадэрнізацыю краіны. Яны павінны ведаць ужо зараз, як мусіць выглядаць дзяржава і грамадзтва ў дэмакратычнай Беларусі і якія трэба правесьці рэформы ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сфэрах, каб Беларусь заняла гістарычна прызначанае ёй месца ў сям’і Эўрапейскіх краін”, – кажа ініцыятар стварэньня школы, каардынатар руху “За свабоду” па Віцебшчыне Хрыстафор Жаляпаў.
Крыніца: Рух "За свабоду"