Пятніца, 12 Красавік 2013

Павал Севярынец: Каго можна скарачаць — дык найперш раённых ідэолягаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Севярынец Павал Севярынец

Павал Севярынец, які адбывае за Плошчу тры гады «хіміі» ў Пружанскім раёне, паведаміў пра свае назіраньні за пасяўной, якая пачалася на Берасьцейшчыне. Палітвязень кажа пра аўральнасьць гэтай кампаніі й называе тых, хто, як ён мяркуе, сваёй актыўнасьцю насамрэч перашкаджае працаўнікам сельcкай гаспадаркі.

«Людзі, якія працуюць на зямлі, добра бачаць, у што гэта ператвараецца. Што кампанейшчына прыводзіць да простай рэчы: у габінэтах нібыта ўжо адсеіліся, а на палёх як ідзе, гэтак і ідзе. Але паказуха, кантралёры, гэтыя крыкі і лёзунгі толькі адцягваюць значную частку сілаў. Бачна, што патрэбная рэформа, каб на зямлі гаспадарыў гаспадар, а не ідэолягі, начальнікі селькай гаспадаркі райвыканкамаў. Гэтых таварышаў, наколькі я бачу, папрацаваўшы тут 2 гады, можна сьмела скарачаць у ліку кожнага чацьвёртага, як гэта загадана зараз скараціць. Гэта будзе безь ніякіх выдаткаў, а нават з карысьцю для вытворчага працэсу».

Павал Севярынец паведаміў, што днямі атрымаў лісты ад палітвязьняў Мікалая Аўтуховіча і Зьмітра Дашкевіча, вязьняў гарадзенскай турмы. Лістоў ад праваабаронцы Алеся Бяляцкага з бабруйскай калёніі Севярынец не атрымліваў з канца сакавіка. Гэтаксама працяглы час не было лістоў ад маладафронтаўца Эдуарда Лобава, якога трымаюць у івацэвіцкай калёніі.

Крыніца: Радыё Свабода