Суддзя суда Гарадоцкага раёна Ганна Гурынава 29 траўня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў сацыяльнай сеткі «Інстаграм» арыштавала на 15 сутак Віктара Стрыгельскага. У рамках адміністрацыйнага закона ў якасці дадатковага пакарання суддзя пастанавіла канфіскаваць у даход дзяржаве мабільны тэлефон, пры гэтым сім-карту загадала вярнуць арыштаванаму.

Апублікавана ў Суд

Суддзя суда Глыбоцкага раёна Аляксандр Аляксеенка 29 траўня пастанавіў арыштаваць Наталлю Міцько на 5 сутак за распаўсюд у сацыяльных сетках “экстрэмісцкіх” матэрыялаў і на 7 сутак за пікетаванне ў інтэрнэце.

Апублікавана ў Суд

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебску Міхаіл Юрчанка 17 траўня пастанавіў арыштаваць на 15 сутак інжынера Аляксея Касабуцкага за правядзенне віртуальнага пікету ў сацыяльных сетках і за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У якасці абаронцы ў судзе прысутнічаў адвакат Дзяніс Ястраб, які не змог абараніць канстытуцыйныя правы свайго кліента на свабоду мірных сходаў і распаўсюд інфармацыі.

Апублікавана ў Суд

Грэка-каталіцкаму святару Аляксандру Шаўцову давядзецца адбыць за кратамі 45 сутак агулам: да першага арышту на 15 сутак суд Полацку і Полацкага раёну дадаў яшчэ 30, абвінаваціўшы мужчыну паводле артыкулаў 19.11 КаАП (распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Першы раз – пасля затрымання і ператрусу 25 траўня -- настаяцеля парафіі Святога пакутніка Язафата таксама прызналі вінаватым паводле артыкула 19.11 КаАП за «лайкі» і рэпосты матэрыялаў незалежных СМІ у сацыяльнай сетцы «Вконтакте».

Суддзя суда Аршанскага раёна і г. Оршы Мікалай Драгуноў 18 траўня пастанавіў арыштаваць на 10 сутак Алега Масальскага за нібыта праведзены пікет. Падчас пікету ён выкрыкваў лозунгі “Жыве Беларусь” і “Слава Украіне”.

Апублікавана ў Суд

Суддзя суда Чашніцкага раёна Ірына Кручыніна 12 траўня разгледзела адміністрацыйную справу ў дачыненні да пастара евангельскай царквы г. Новалукомль Аляксандра Зарэцкага. І за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльных сетках, пакарала яго арыштам на 15 сутак. Раней, 21 красавіка, тая ж суддзя арыштавала пастара на той жа тэрмін па ч.2 арт. 19.11 (Распаўсюджванне, інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці) КаАП.

Аляксандра Шаўцова, настаяцеля грэка-каталіцкай парафіі Святога пакутніка Язафата, суд Полацку і Полацкага раёну прызнаў вінаватым за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі». Святара асудзілі паводле артыкула 19.11 КаАП за рэпосты матэрыялаў сайта "Хартыя-97" у сацыяльнай сетцы "ВКонтакте".

Апублікавана ў Суд

Суддзя Наваполацкага гарадскога суду Зінаіда Балаболава пастанавіла пакараць некалькі чалавек па так званых «палітычных» адміністрацыйных справах. Не ўсе артыкулы, згодна з якімі людзей прызналі вінаватымі, вядомыя дакладна. Але «стаханаўская» праца Зінаіды Балаболавай уражвае: цягам усяго дня яна судзіла затрыманых учора навапалачанаў, у тым ліку супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверстэта. Сярод асуджаных - 73-гадовая кандыдатка тэхнічных навукі, дацэнтка кафедры геадэзіі і геаінфармацыйных сістэм Галіна Шараглазава. Паводле судовай пастановы, жанчыне сталага веку давядзецца 10 сутак правесці за кратамі. Артыкул, паводле якога пакаралі спадарыню, пакуль не вядомы.

Наваполацкі гарадскі суд прызнаў жанчыну вінаватай у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў – за падпіску на тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозга». Учора, 23 траўня дома ў Алены Храмцовай правялі ператрус у межах крымінальнай справы і забралі ўсё аргтэхніку. Падчас размовы ў міліцыі высветлілася, што выкладчыца ПДУ мае статус сведкі ў справе, распачатай следчым камітэтам «за экстрэмізм». Пакуль вядома, што адбываць арышт яна будзе ў наваполацкім ЦІПе (Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў).

У пачатку красавіка суддзя суда Браслоўскага раёна Аляксандр Вязіцкі разгледзеў адміністрацыйныя справы па ч. 1 арт.24.23 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) у дачыненні да вядучага ветэрынарнага ўрача ДЛПУ "Браслаўская раённая ветэрынарная станцыя" Сяргея Мядзведзева і качагара Торфабрыкетнага завода Сяргея Рыбака. Суддзя палічыў мужчын вінаватымі ў тым, што яны без дазволу ўладаў правялі ў інтэрнэце пікетаванне і пакараў парушальнікаў адміністрацыйным арыштам на 10 сутак кожнага.