Шматлікіх жыхароў гэтых раёнаў гэтае аб’яднанне не радуе, і яны хвалююцца за аператыўнасць хуткай медыцынскай дапамогі.
З гэтым пытаннем нават докшыцкая раёнка “Родныя вытокі” звярнулася да галоўнага ўрача Віцебскага абласнога цэнтра хуткай дапамогі Віктара Гоманава. На што ён адказаў наступнае:
Адразу запэўню: міжраённыя цэнтры маюць выключныя перавагі перад асобнымі аддзяленнямі. Цэнтралізацыя ў вобласці вядзецца з 2021 года, і за гэты час створаны Віцебскі, Аршанскі і Полацкі міжраённыя цэнтры. Складаней было пачынаць, а зараз, з улікам набытага вопыту, аб'яднаць астатнія раёны вобласці, якія яшчэ працуюць паасобку, - справа часу.
Палепшыцца не толькі аператыўнасць, але і кваліфікацыя аказання экстраннай медыцынскай дапамогі, а таксама кадравая сітуацыя і матэрыяльна-тэхнічная база - абнаўленне апаратуры, абсталявання.
Пасля Віктар Гоманаў расказаў пра алгарытм дзеянняў па новай схеме на прыкладзе Глыбоцкага цэнтра. Усе званкі па нумары 103 з шасці раёнаў будуць паступаць у Глыбокае на шматфункцыянальны тэлефон. Іх будуць прымаць тры дыспетчары, размяркоўваючы, куды хутчэй і якую брыгаду трэба накіраваць.
Пры выкліку неабходна будзе дакладна назваць адрас - не толькі нумар дома, вуліцу, вёску, але і сельсавет, каб прадухіліць выезд у аднайменную вёску. Асаблівасць новай структуры - адсутнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльных межаў пры абслугоўванні насельніцтва пэўных раёнаў. Дыслакацыя брыгад застаецца той жа: докшыцкая знаходзіцца ў Докшыцах, браслаўская - у Браславе і г.д., але ўсе яны аб'яднаны адзіным падпарадкаваннем. Брыгада, якая будзе бліжэй да выкліку, і паедзе абслугоўваць яго. Напрыклад, Глыбоцкая - у Крулеўшчыну Докшыцкага раёна.
Жыхароў гэтых раёнаў хвалюе і тое, якой будзе лагістыка шпіталізацыі пацыентаў. Паводле галоўнага ўрача Віцебскага абласнога цэнтра хуткай дапамогі, цяпер пацыенты ў першую чаргу дастаўляюцца ў ЦРБ, дзе іх аглядаюць спецыялісты, праводзяць дадатковыя метады даследавання і ўжо потым пры неабходнасці накіроўваюць у вышэйстаячыя арганізацыі для аказання спецыялізаванай або высокакваліфікаванай дапамогі.
З адкрыццём міжраённага цэнтра лагістыка будзе іншай - абыходзячы прыёмны пакой, пацыентаў павязуць адразу на другі ўзровень аказання дапамогі - у стацыянар мясцовай або раённай лякарні, а потым, калі трэба, - на трэці: у Віцебск.
Да таго ж да хворых або пацярпелых могуць быць накіраваныя брыгады, якіх няма ў раёнах: педыятрычная, псіхіятрычная, інтэнсіўнай тэрапіі.
“Асабліва адчувальнай будзе экстранная дапамога сельскаму насельніцтву”,- запэўнівае Віктар Гоманаў.
Брыгады хуткай дапамогі будуць укамплектаваныя двума фельчарамі або фельчарам з медыцынскай сястрой. У Докшыцах будуць дзве брыгады, у Бягомлі - адна.
“Па сутнасці, брыгады ў гарадскім пасёлку як такой і не было, таму перад абласным цэнтрам стаіць першачарговая задача ўкамплектаваць яе, бо Бягомльскі ўчастак даволі складаны: тут праходзіць траса, дзе магчымы дарожна-транспартныя здарэнні і надзвычайныя сітуацыі.
Машынамі Докшыцкі раён забяспечаны добра — у студзені бягучага года былі перададзены тры новыя. Яны абсталяваны GPS-навігацыяй.
Цяпер абласны цэнтр закупляе фірмовыя касцюмы для брыгад. Таксама заказаны спецыяльныя карты з адлюстраваннем усіх без выключэння населеных пунктаў раёна - яны будуць размешчаны ў дыспетчарскай міжраённага цэнтра”, - кажа галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра хуткай дапамогі.
А жыхарам пяці раёнаў Віцебшчыны застаецца толькі паверыць у тое, што так і будзе, што іх улады не падмануць у чарговы раз, прыкрываючы аптымізацыю быццам выгодамі для людзей.
Ян Ранкевіч