Гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку этапавалі ў віцебскую калонію
Палітзняволены праваабаронца Леанід Судаленка 26 студзеня 2022 году быў пераведзены ў папраўчую калонію №3 «Віцьба». 14 студзеня Гомельскі абласны суд адхіліў апеляцыйную скаргу праваабаронцы і пакінуў прысуд у сіле. Судаленку пакаралі трыма гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Праваабаронцы прызналі палітвязнем жыхара Віцебску Мікіту Палеонка
16 студзеня 2022 году ў Віцебску быў затрыманы 28-гадовы Мікіта Палеонак. Яго затрымалі ў межах крымінальнай справы аб абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і прадстаўніка улады (арт.369 КК). На час правядзення следчых дзеянняў Паленак узяты пад варту як мінімум на два месяцы і змешчаны ў Віцебскі следчы ізалятар №2.
Затрымалі віцебскага актывіста Міколу Качурца
26 студзеня супрацоўнікі МУС правялі ператрус і затрымалі 62-гадовага віцебскага актывіста Міколу Качурца. Пра гэта паведаміла жонка Міколы. Папярэдне, мужчыну затрымлівалі супрацоўнікі Першамайскага РАУС Віцебску. У выніку ператрусу канфіскавалі ноўтбук. Ранкам 27 студзеня стала вядома, што Качурэц змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) на 72 гадзіны.