Палітвязень Зміцер Фурманаў ужо другі месяц у штрафным ізалятары
Пасля вынясення прысуду Зміцер Фурманаў быў пераведзены ў калонію №3, што у пасёлку Віцьба (Віцебскі раён), але так і не з'явіўся ў атрадзе. Палітвязень прыбыў у калонію яшчэ ў жніўні і пасля каранціну быў адразу кінуты ў ШІЗА, дзе з невядомых прычынаў знаходзіцца да гэтай пары - больш за 35 дзён.
Віцябляніна Антона Сомава, затрыманага за каментары ў «ВКонтакте», прызналі палітвязнем
Праваабаронцы прызналі 53-гадовага віцябляніна Антона Сомава, затрыманага ў Віцебску 30 верасня, палітычным зняволеным. Яго затрымалі ў межах крымінальнай справы, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і праграміста Андрэя Зельцара. Зараз Антон Сомаў знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна ў Менску. Кадры яго затрымання з'явіліся на канале «Жулики Беларуси».
Віцебскі суд прызнаў суполку «Глыбокае для жыцця!» «экстрэмісцкай»
Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 6 кастрычніка прызнаў чарговы інтэрнэт-рэсурс «экстрэмісцкімі матэрыяламі». На гэты раз – тэлеграм-чат «Глубокое для жизни!». Рашэнне прымала суддзя Святлана Варатынская. Прычым спачатку яна называла рэсурс «тэлеграм-групай», а потым – «тэлеграм-каналам». Суполка «Глыбокае для жыцця» у «Тэлеграме» мае 1129 удзельнікаў.