На Віцебшчыне прэтэндэнты на мандаты органаў заканадаўчай і прадстаўнічай улады падалі ў акруговыя і тэрытарыяльныя выбаркамы 1712 заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні ў якасці кандыдата ў дэпутаты. Гэта складае 78% ад 2198 дэпутацкіх месцаў усіх узроўняў.

На першых  старонках  раённых газет Віцебскай вобласці ды на іх сайтах фігуруе асоба Уладзіміра Андрэйчанкі, старшыні так званай палаты прадстаўнікоў. З большым запалам стараюцца ў гэтым накірунку докшыцкая і глыбоцкая раёнкі. Бо менавіта на гэтай акрузе ён балатуецца на так званых выбарах і яго прызначаюць у парламент. Аднак ініцыятыўную групу па збору подпісаў для вылучэння ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка не зарэгістраваў у Докшыцкай акруговай выбарчай камісіяй №22.

Так званы Дзень інфармавання прайшоў у Мёрскай раённай лякарні на чале са старшынём раённага Савета дэпутатаў Валерыем Драбо.

На сёння, 23 снежня, Гарадоцкая раённая выбарчая камісія зарэгістравала 26 ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Гарадоцкага раённага Савета дэпутатаў па 25 выбарчых акругах: па адной групе ў 24 акругах і ў адной акрузе пачалі збіраць подпісы дзве ІГ. Для таго, каб стаць кандыдатамі ў дэпутаты райСавета неабходна сабраць як мінімум 10 подпісаў ад 600-700 выбаршчыкаў, зарэгістраваных у выбарчых акругах.

Старшыня так званага раённага Савета дэпутатаў Валерый Драбо і пракурор раёна Андрэй Вяцюгоў завіталі на сустрэчу са старшакласнікамі СШ №2 імя М. Ізварына ў Мёрах. Як піша раённая газета “Мёрскія навіны”, яны распавядалі моладзі пра развіццё раёна, вобласці і краіны, пра ход расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў час Другой сусветнай вайны і пасляваенны перыяд.