Тры ВК 15 снежня (а згодна з графікам кампаніі пачынаць трэба было с 17 снежня) зарэгістравалі 5 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Наваполацкага гарсавета, дзве ІГ па вылучэнні ў Віцебскай абласной Савет дэпутатаў і адну ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. З васьмі прэтэндэнтаў на дэпутацкія месцы 6 сябраў Беларускай партыі «Белая Русь», два - сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці і адзін - беспартыйны.

У Віцебскай вобласці раённыя выбарчыя камісіі правялі пасяджэнні, на якіх была вызначана колькасць подпісаў выбаршчыкаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Усе камісіі скарысталіся формулай, якая складалася ў тым, што каб зарэгістравацца кандыдатам неабходна сабраць 1% ад колькасці выбаршчыкаў, якія пражываюць у акрузе, але не менш за 10 подпісаў.

Віцебскі гарвыканкам 7 снежня абазначыў месцы, у якіх забаронена правядзенне пікетаў для збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў. Фактычна ўсе людныя месцы горада аказаліся пад забаронай, тым самым улады зрабілі маргінальным працэс збору подпісаў.

На першым паседжанні Віцебскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі 8 снежня былі абраныя старшыня, намеснік старшыні і сакратар. З 13 яе сяброў 11 маюць досвед працы ў абласной камісіі, 2 – новых. Прысутныя склалі і зацвердзілі графік дзяжурстваў і рэжым працы. Назіральнікі на паседжанні камісіі адсутнічалі.

Бліжэй 50 метраў да будынкаў сілавых структур, Глыбоцкага выканкама і сельсаветаў падыходзіць нельга. Мясцовая раёнка надрукавала рашэнне Глыбоцкага выканкама аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбарцаў у падтрымку асоб, якія прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты.