У Віцебскай вобласці за пяць дзён датэрміновага галасавання прагаласавала больш за трэць мільёна выбаршчыкаў
Згодна з афіцыйнымі звесткамі ўладаў, за 20-24 лютага на 687 выбарчых участках у Віцебскай вобласці прагаласавала 377,77 тыс. чалавек або - 41,71% ад 857,97 тыс. выбаршчыкаў, якія пражываюць у рэгіёне. За пяць дзён датэрміновага галасавання сябры ўчастковых выбарчых камісій выдалі 966 тыс. бюлетэняў для галасавання.
Некаторыя ўчасткі на Віцебшчыне справаздачацца пра больш за 30% прагаласаваўшых датэрмінова
Як піша сайт “Міёрскія навіны”, на выбарчым участку № 10 у Чэрасах Мёрскага раёна вяскоўцы абазначылі сваю грамадзянскую пазіцыю. Участак знаходзіцца ў мясцовым Доме культуры. Як хваляцца ўлады, з пачатку датэрміновага галасавання да 14.00 23 лютага 33% выбарцаў - 159 вяскоўцаў - пазначылі сваю грамадзянскую пазіцыю. Паводле чальцоў выбарчай камісіі, так званае датэрміновае галасаванне праходзіць спакойна.
У Паставах прыйшоў галасаваць датэрмінова кіраўнік раёна разам з малалетнім сынам
Сяргей Чэпік прыйшоў на ўчастак №2, які размяшчаецца ў першай школе горада. Ён завітаў туды разам з малалетнім сынам і сказаў, што робіць гэта рэгулярна, таму што прывіваць электаральную культуру трэба на асабістым прыкладзе. Ён заўважыў, што ўражанняў для яго сына праз гэта будзе на некалькі дзён. Мясцовая раёнка нават зрабіла пра гэта відэасюжэт.
ДзяржСМІ спрабуюць выклікаць у чытачоў інтарэс да выбараў, пішучы пра «патэнцыйна цікавыя дуэлі»
Паводле гарадской газеты «Витьбичи», са 128 кандыдатаў у дэпутаты абласнога савета 108 чалавек з'яўляюцца кіраўнікамі або намеснікамі кіраўнікоў прадпрыемстваў. Газета спрабуе стварыць інтрыгу са спаборніцтва паміж «дырэктарам установы адукацыі і топ-менеджарам прадпрыемства рэальнага сектара эканомікі», або са «спарынгу паміж кіраўніком з гуманітарнай сферы і буйным чыноўнікам». Выбаршчыкі, як чакаюць у рэдакцыі, павінны паверыць у тое, што менавіта яны могуць паўплываць на канчатковы вынік «дуэляў» і «спарынгаў», аднак за апошнія дзесяцігоддзі людзі цвёрда пераканаліся ў тым, што ў дэпутаты» прапускаюць толькі правераных людзей, а ад «волевыяўлення народа» даўно нічога не залежыць.
Напярэдатні “выбараў” у Глыбокім актывізаваліся члены “Белай Русі”
Як піша сайт глыбоцкай раёнкі “Веснік Глыбоччыны”, члены партыі “Белая Русь” арганізавалі пікет у падтрымку кандыдата ў дэпутаты Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Глыбоцкай выбарчай акрузе №23. І зноў выданне не агучвае прозвішча гэтага кандыдата. Навошта яго ведаць чытачам і патэнцыйным выбарцам, бо ўлады і так прызначаць туды таго, каго трэба? А ўсё астатняе – гэта фарс і спроба легалізацыі так званых выбараў.