Як піша сайт мясцовай раёнкі “Веснік Глыбоччыны”, удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі працу грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый па згуртаванні грамадзян, па патрыятычным выхаванні моладзі, захаванні гістарычнай праўды аб подзвігу продкаў. Было таксама адзначана, што ўсе аб'яднанні і партыі гэтымі днямі актыўна рыхтуюцца да электаральнай кампаніі і Адзінага дня галасавання, які намечаны на 25 лютага 2024 года.
Не варта забываць, што мы жывём у лічбавы век, калі магчымасці сацыяльных сетак, мэсэнджараў, іншых розных інфармацыйных інтэрнэт-каналаў дазваляюць аказваць уплыў на шырокую аўдыторыю. Неабходна супрацьдзейнічаць распаўсюджванню лжывай інфармацыі, ставіць заслон перад нядобрасумленнымі блогерамі, якія імкнуцца распальваць у грамадстве варожасць, - выказалася намесніца старшыні Глыбоцкага райвыканкама, старшыня Глыбоцкай раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын" Таццяна Тарасевіч і па сумяшчальніцтву жонка суддзі Андрэя Тарасевіча, які выносіць палітычна-матываваныя прысуды глыбачанам.
Цікава, а ці распавяла яна свайму мужу, што такое хлусня і нядобрасумленнасць, і як не распальваць у грамадстве варожасць, выносячы незаконныя прысуды?
У сваю чаргу старшыня Глыбоцкай раённай Рады дэпутатаў Вера Цяліца звярнула ўвагу на тое, што кожная новая палітычная кампанія адрозніваецца ад папярэдніх, і ў сувязі з гэтым неабходна пазбегнуць шаблонных падыходаў у працы з выбарцамі.
Як улады будуць пазбягаць шаблонных падыходаў, агучана не было. А мо выкарыстаюць вопыт расейскіх акупантаў ва Украіне і таксама будуць хадзіць па кватэрах з сілавікамі ў экіпіроўцы і са зброяй, каб усе выбарцы рабілі так званы правільны выбар на карысць рэжыму Лукашэнкі.
Святлана Цвірко