Паводле ўладаў, адзіны дзень галасавання ў Беларусі адбудзецца 25 лютага 2024 года, у гэты дзень абірацца будуць так званыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання. Потым пройдуць так званыя выбары членаў Савета Рэспублікі, дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад суб'ектаў грамадзянскай супольнасці і мясцовых Саветаў дэпутатаў.
У сувязі з надыходзячымі падзеямі актывізаваліся чыноўнікі і прыцягнулі да актыўнай дзейнасці і сваіх падначаленых у плане працы з насельніцтвам на выбарчую тэматыку. Не абыходзяць з гэтай тэмай нават падлеткаў і навучэнцаў.
Вось і для вучняў 10—11 класаў сярэдняй школы № 2 у гарадскім пасёлку Шаркаўшчына бібліятэкары Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бібліятэчнай сістэмы правялі гутарку "Новае ў выбарчай сістэме".
На мерапрыемстве бібліятэкар Жана Углова расказала моладзі пра новаўвядзенні ў выбарчым заканадаўстве Беларусі, што гэты законапраект выцякае з дапаўненняў і змяненняў у Канстытуцыі, якія ўлады прынялі на так званым Рэспубліканскім рэферэндуме ў 2022 годзе.
Сярод змен, якія ўвялі ўлады Беларусі, - для кандыдатаў у прэзідэнты павялічаны да 40 гадоў узроставы цэнз і да 20 гадоў - цэнз аселасці (пэўны тэрмін пражывання ў краіне да моманту правядзення выбараў); устаноўлена не больш за два тэрміны, на якія можа быць абраная прэзідэнтам адна і тая ж асоба; уводзіцца раздзел, які вызначае парадак абрання дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці; рэгламентаваныя працэдуры прызнання выбараў - прэзідэнта, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі неканстытуцыйнымі або нелегітымнымі; скарэктаваны тэрміны выбарчых працэдур ды іншае.
Жана Углова выказала старшакласнікам свой пункт гледжання наконт унясення змяненняў і дапаўненняў у выбарчае заканадаўства.
- Кодэкс - жывы арганізм, жывая сістэма, якая павінна адпавядаць сучасным рэаліям і патрэбам дзяржавы і грамадства, - сказала бібліятэкар.
Паводле ўладаў, сённяшнія вучні - будучыя выбаршчыкі, і ўжо сёння яны павінны павышаць прававую культуру для таго, каб сфармаваць устойлівую выбарчую культуру, актыўна ўдзельнічаць у выбарах і ўключацца ва ўсе пытанні кіравання дзяржавай. То бок яны ўжо сёння клапоцяцца пра тое, каб моладзь падтрымлівала іх курс і ідэалогію. Але, як вядома, з моладдзю ў Беларусі не так усё і проста, яны выраслі больш вольнымі і прадэмакратычнымі менавіта пад уздзеяннем разнастайнасці думак у інтэрнэце, а не пад уздзеяннем прапаганды.
Напрыканцы мерапрыемства бібліятэкар Жана Углова заклікала падлеткаў, якіх зацікавіла дадзеная тэма і ў якіх засталіся яшчэ пытанні, скарыстацца Канстытуцыяй Беларусі, Выбарчым кодэксам, інфармацыйна-пошукавай сістэмай Эталон-online і сайтам Права.by.
Заклікаць чытаць і ведаць Канстытуцыю – гэта, канешне, добрая справа. Толькі вось бібліятэкар забылася дзецям нагадаць, што галоўны дакумент нашай краіны цяперашнімі ўладамі Беларусі не выконваецца.
Карына Яшына