Як звычайны пешаход прайшоў крыжовы шлях віцебскі вернік-уніят і дысыдэнт Барыс Хамайда.
“Мною рухала адзіная інтэнцыя: я мусіў прайсьці гэты шлях за Беларусь. Дайду – усё будзе добра. Пілігрымка – гэта момант грамадзкай салідарнасьці. Дзяржава бачыць у пілігрымках працэс нацыянальнай кансалідацыі, а гэта самае страшэннае для яе. Да свабоды ж можна прыйсьці толькі празь веру, і пілігрымка ёсьць складнікам нашай веры. Яны гэта бачаць і баяцца”, – сказаў Барыс Хамайда.
У знак салідарнасьці з уніятамі шлях зь Менску да Полацку рыма-каталік Мікола Арцюхоў прайшоў пешкі і праехаў аўтатранспартам – дабіраўся “аўтастопам”.
Мікола Арцюхоў
“Я паважаю грэка-каталікоў. Іх, на жаль, прыціскаюць і недаацэньваюць і Рым, і народ. А гэта вельмі важная канфэсія для Беларусі, якая дала шмат пакутнікаў, шмат прыкладаў веры. І я ўсіх заклікаю слухацца свайго сэрца і жыць па сумленьні”, – выказаўся Мікола.
Сьвятар: А што мы самі робім дзеля пілігрымкі?..
Ушанаваньне полацкіх пакутнікаў і сьвятога Язафата, як заўжды пасьля пілігрымкі, адбылося ў нядзелю каля храму Параскевы Полацкай. Пілігрымы зьехаліся з усёй Беларусі. Сьвяточную літургію ўзначаліў апостальскі візытатар для грэка-каталікоў Беларусі Сяргей Гаек.
Візытатар для грэка-каталікоў Беларусі Сяргей Гаек
У сваім казаньні гарадзенскі сьвятар Андрэй Крот адзначыў, што ў гэты дзень уніяты ўшаноўваюць памяць ня толькі полацкіх пакутнікаў і сьвятога Язафата, дзейнасьць якога распасьціралася на ўсе беларускія землі, але і новамучанікаў, якія пацярпелі ў XX-м стагодзьдзі – Мар'яны Бернадзкай, Фабіяна Абрантовіча, Антона Неманцэвіча ды іншых.
Выказаўся сьвятар і адносна забароны штогадовай пілігрымкі. Сказаў, што ня хоча нікога асуджаць і што кожная вестка для хрысьціяніна мусіць стаць рахункам сумленьня.
“Пілігрымка была 24 гады, а сёлета яе ня стала, дык давайце задамо пытаньне: а што мы робім для гэтай пілігрымкі? Я памятаю, што ў першай пілігрымцы ўдзельнічалі 23 чалавекі. Памятаю часы, калі было 150 чалавек, але ў апошнія гады – па 40-60. Чаму? Часы зьмяняюцца, і не заўжды ў лепшы бок. Дык калі шукаць нашую асабістую віну, то мы прызвычаіліся да камфорту. Разважаючы пра пакутнікаў, давайце памятаць, што мучанікамі не станавіліся раптоўна. Мучаніцтва было плёнам жыцьця хрысьціяніна з Богам”, – падкрэсьліў айцец Андрэй Крот.
Казаньне прамовіў гарадзенскі сьвятар Андрэй Крот
Віцебскі сьвятар Зьміцер Грышан, у сваю чаргу, выказаў упэўненасьць, што 26-я пілігрымка, налета абавязкова адбудзецца, і рыхтавацца да яе трэба ўжо сёньня – і ў думках, і ў малітве.
Грэка-каталікі падрыхтавалі зварот да Гулякі
Пры канцы сьвяточнай літургіі сьвятар Аляксандар Шаўцоў зачытаў зварот грэка-каталікоў да ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі. Вернікі засяроджваюць увагу на тым, што праблема зь пілігрымкай паўстала праз пастанову Савету Міністраў №49 (“Аб зацьвярджэньні палажэньня аб парадку аплаты паслугаў па ахове грамадзкага парадку”).
Практыка, зьвязаная з гэтым нарматыўным актам, выклікала сумненьні ў магчымасьцях рэалізацыі права на свабоду веравызнаньня, бо правядзеньне пілігрымак і працэсіяў належыць да істотных рэлігійных практык. Працэс узгадненьня сёлетняй пілігрымкі паказаў, што ў пастанове маецца вузкае трактаваньне тэрміну “месцы пілігрымак”, бо кожная пілігрымка прадугледжвае перамяшчэньне па акрэсьленым маршруце. Тэрмін мусіць распаўсюджвацца на ўвесь узгоднены маршрут і на час правядзеньня пілігрымкі.
“Вернік не павінен плаціць дзяржаве за магчымасьць ажыцьцяўляць свае рэлігійныя патрэбы”, – гаворыцца ў звароце.
Па сканчэньні літургіі вернікі і сьвятары паставілі свае подпісы пад зваротам. Збор подпісаў працягнецца і пасьля пілігрымкі.
С. Горкі