Хросны ход рушыў ад храму Сьвятога Георгія Пабеданосца. Працэсія прайшла па праспэкце Чарняхоўскага і вуліцы Леніна да Сьвята-Ўсьпенскага кафэдральнага сабору. Дарожны рух па гэтых вуліцах часткова перакрываўся.
Удзел у сьвяточным шэсьці ўзялі сьвятары і вернікі віцебскіх праваслаўных прыходаў. Наперадзе калёны рухалася машына з усталяванымі на ёй званамі, сьвяточны перазвон якіх не сьціхаў на ўсім шляху.
Сьледам ішлі вернікі з харугвамі ды сьвятары. Ікону Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы несьлі прадстаўнікі віцебскага казацтва.
Завяршыўся крыжовы ход урачыстым малебнам ля Сьвята-Ўсьпенскага сабору. У малебне ўзяў удзел архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзьмітрый.
С. Горкі, фота аўтара