Айцец Зьміцер, вядома, што розныя сілы па-рознаму ацэньваюць Берасьцейскую унію 1596 году. Хацелася б пачуць Вашае стаўленьне да гэтай няблізкай да нас па часе падзеі.
Вядома, на любую падзею заўсёды можна мець некалькі поглядаў. З пункту погляду царкоўнага і як мы цяпер бачым – гэта не была выключна палітычная падзея. Хаця свае намеры мелі і біскупы, і шляхта, і іншыя грамадзкія станы. Тады гэтыя намеры сышліся, каб даць добры плён. І калі мы глядзім на гэты плён, то бачым, што падзея гэтая адбылася з удзелам Бога, з удзелам Сьвятога Духа.
Ясна, што некаторыя біскупы акрамя матывацыі веры спадзяваліся на тое, што падобна каталіцкім біскупам яны трапяць у Сэйм Рэчы Паспалітай. Была і частка біскупаў, якая хацела ажыўленьня жыцьця праваслаўнай царквы, бо на той час ў Вялікім княстве яна мела занядбаны стан. Ніякіх сэмінарыяў накшталт заходніх тады не існавала, а вось рэформа Трыдэнцкага сабору дала вялікі штуршок для разьвіцьця каталіцкай царквы. На Ўсходзе нічога падобнага не было. Розьніцу бачылі ня толькі біскупы, але і вернікі. У Рэчы Паспалітай на той час суіснавалі розныя рэлігіі і розныя палітычныя накірункі, чаго не было ў іншых эўрапейскіх краінах. Праваслаўныя таксама мелі пэўныя прывілеі.
Каб стаць каталіцкай царквой, ня трэба было нават націску з боку каталіцкай канфэсіі. Дый вялікага інтарэсу апостальская сталіца да гэтага аб'яднаньня не праяўляла. Як мы цяпер бачым з дакумэнтаў, яна не асабліва ахвотна ішла на падпісаньне Уніі. Тады было такое разуменьне, што ўсе мусяць станавіцца каталікамі лацінскага абраду. Каталіцкая царква тады перажывала цэнтралізацыю, пры якой усе памесныя каталіцкія цэрквы атрымлівалі беспасярэдняе падпарадкаваньне апостальскаму пасаду. Папа Рымскі прызначаў біскупаў ў самыя аддаленыя каталіцкія краіны.
А што тады ўяўляла сабой Унія, і чаго прасілі біскупы Кіеўскай мітраполіі? Яны прасілі зьяднаньня, але і аўтаноміі. Яны прасілі захаваньня ўсходняй літургічнай традыцыі, юліянскі каляндар, адсутнасьць цэлібату. Прасілі ня ўводзіць рыма-каталіцкую спэцыфіку абрадаў і навучаньня, прасілі пакінуць так, як ёсьць, усе фармулёўкі, якія не супярэчылі каталіцкай веры. І што парадаксальна: Папа Рымскі на гэта пагадзіўся.
На той момант мадэль зьяднаньня Кіеўскай мітраполіі з Рымскім пасадам апярэдзіла свой час, я думаю, гадоў на чатырыста. Толькі ў дваццатым стагодзьдзі каталіцкая царква пачала ўсьведамляць сябе супольнасьцю цэркваў, якія вызнаюць адну веру, але захоўваюць свае традыцыі. На той час такога перакананьня не было.
Немагчыма зразумець падпісаньне Уніі і без уліку тых працэсаў, якія адбываліся на ўсходняй мяжы Вялікага княства. Пасьля Лівонскіх войнаў Эўропа зразумела, што такое маскоўскае праваслаўе. Асабліва пасьля ўсталяваньня Маскоўскага патрыярхату (1589 г.), апантанага ідэалёгіяй Трэцяга Рыму. Іван Жахлівы красамоўна паказаў, што трэба рабіць з тым праваслаўем, якое адрозьніваецца ад маскоўскага. Ён фактычна зьнішчыў царкву Вялікага Ноўгараду, якую ён не прызнаў за праваслаўную. Япіскапаў і манахаў ён разагнаў, а скарб забраў. Тое самае, зрабіў ён і ў Полацку.
Як мы сёньня бачым, унія дала плён. І паўплывалі на тое як гістарычныя абставіны, так і духоўная сьпеласьць грамадзтва. Стваральнікі і натхняльнікі уніі былі з розных сацыяльных станаў. Заключэньне уніі не азначае, што зьявілася новая царква, як я часам чую. На самай справе унія ёсьць вяртаньнем да таго стану, да той мадэлі, якая існавала перад вялікім расколам, перад вялікай схізмай, калі гэта была адзіная каталіцкая царква.
Трэба разумець і тое, што унію не падпісалі толькі тыя праваслаўныя япіскапы, якія былі пад моцнай фінансавай залежнасьцю ад Канстанціна Астроскага. Начытаўшыся пратэстанцкіх кніжак, ён напачатку падтрымліваў унію, але, як магнат, спадзяваўся ўплываць на царкоўныя справы. І толькі калі зразумеў, што біскупы бяруць у свае рукі кіраваньне каталіцкай царквой, расчараваўся і адмовіўся ад ранейшай падтрымкі. Пэўна, найперш ён кіраваўся палітычнымі матывамі.
Як паказаў час, унія сталася для Беларусі патрэбнай зьявай. Вядома, нехта можа і запярэчыць. Але справа тут у тым, што шмат хто дасюль трымаецца прапагандысцкай мадэлі, створанай Масквой.
Што паўплывала на адраджэньне Беларускай уніяцкай царквы ў канцы мінулага стагодзьдзя? І ці можна пабачыць у гэтым «руку Ватыкана»?
Трэба сказаць, што Бог вёў гэтую справу, выкарыстоўваючы нашыя схільнасьці і памкненьні, але была тут недзе і палітычная матывацыя. Большасьць людзей, якія запачаткавалі адраджэньне грэка-каталіцкай царквы, былі людзьмі не царкоўнымі. Яны ня мелі царкоўнага досьведу, яны не прыйшлі ані з праваслаўя, ані з каталіцтва. Аднак людзі гэтыя былі сьвядомымі ў сваёй гістарычнай спадчыне. Яны не маглі не заўважыць у гістарычнай даўніне Беларусі асаблівай ролі нашай уніяцкай царквы, якую некаторыя называюць няйначай як нацыянальнай царквой.
Другая прычына зьвязаная з канцом савецкай сыстэмы. Патрэбныя былі новыя рэлігійныя ідэі. Трэба сказаць, што на той час ніводнага грэка-каталіцкага сьвятара на Беларусі не было, таму адназначна можна казаць, што гэта не рука Ватыкана. Ватыкан быў нават шакаваны гэтым фактам – з улікам таго экумэнічнага дыялёгу, які на той час ужо існаваў. А грэка-каталікі, як мы цяпер бачым, гэтаму дыялёгу перашкаджаюць. І па сёньняшні час мы можам з іроніяй казаць, што апостальская сталіца знаходзіцца ў шоку.
Першае рашэньне, якое яна здолела прыняць на высокім узроўні – гэта накіраваць у Беларусь апостальскага візытатара (1994 год). І другі крок – гэта калі апостальскі візытатар быў падняты да ўзроўню архімандрыта. Гэта наш уладыка Сяргей Гаек. На той час, калі ён прыехаў, было ва ўніятаў два сьвятары. Адзін зь іх – слаўны айцец Ян Матусевіч, які быў сьвятаром лацінскага абраду, але на заклік менскага асяродзьдзя апекаваўся ўніятамі.
У Віцебску першая служба ў парафіі была праведзеная ў 1991 годзе. На той час сьвятароў тут не было, і па дапамогу парафіяне зьвярталіся да Кіева-галіцкага ўніяцкага біскупа. Больш-менш рэгулярна сьвятары пачалі даяжджаць сюды пасьля зьяўленьня ў Полацку манастыра студытаў і пабудовы там храму. Паколькі заканадаўства тады было не такім суворым, як зараз, то манахі з Украіны маглі тут жыць і дзейнічаць. Я ў Віцебск на службу прыехаў ў 2001 годзе, а да таго даяжджалі сюды сьвятары з розных месцаў.
І хто ведае, я вось так задумваюся, Сьвяты Дух – ці Ён дзейнічае празь сьвядомых грамадзянаў? Ясна, што гэтыя тысячы, якія запісаліся, назваўшыся ўніятамі, вельмі хутка адышлі ад царквы. Зь іх меркаваньня царква мусіла быць у авангардзе барацьбы за перамены ў грамадзтве, але ж царкоўнае жыцьцё – гэта не агітацыя. Царкоўнае жыцьцё – гэта рэгулярная малітва, гэта сьвятыя тайны... Калі ва ўніяцкіх парафіях зьявіліся сьвятары, яны пачалі прыводзіць стыхійнае парафіяльнае жыцьцё ў стан царкоўны.
За гэты час створаная на Беларусі стабільная парафіяльная сетка зь пятнаццаці парафіяў і 12– 13 сьвятароў. Ёсьць парафіі і за мяжой. Усе сьвятары з адукацыяй, ніякіх самавукаў у нас няма. Большасьць сьвятароў атрымалі адукацыю ў Польшчы, Нямеччыне, Італіі і ва Ўкраіне. У парафіях наладжанае стабільнае душпастырства. Як на нашыя магчымасьці, мы арганізоўваем і рэкалекцыі, і нашую пілігрымку Віцебск-Полацак. Пілігрымка – заўважная падзея ў Беларусі. Заўжды ўдзельнічаем у розных рыма-каталіцкіх сьвяткаваньнях. І вядома, людзі, якія прыйшлі, што называецца, з вуліцы, вельмі часта пахрышчаныя ў праваслаўе, якое яны ніколі не практыкавалі, знайшлі ў нашай царкве тое, што ім патрэбна: удзел у сьвятых тайнах, практыку духоўнага жыцьця. Знайшлі тое, дзеля чаго царква ў прынцыпе і функцыянуе.
Вы ўжо казалі пра архімандрыта Сяргея Гаека. Але чаму беларускія ўніяты дасюль ня маюць свайго біскупа і ніякай кананічнай структуры?
Гэта наша вялікае расчараваньне ў тым, як да нас ставіцца апостальская сталіца. Хіба найбольшы наш боль. Ёсьць праблемы. Найперш сьвятары, але і вернікі ўніяцкай царквы таксама перажываюць тое, што па сёньняшні дзень нашае існаваньне фактычна ігнаруецца. Я адкрыта пра гэта кажу, таму што мяне гэта беспасярэдне кранае. І хочацца, каб гэта было ў чарговы раз пачута. Гэта боль, які цяжка сабе патлумачыць. Калі нас, мякка кажучы, ня любіць праваслаўная царква, гэта зразумела. Калі нас зь нейкай насьцярожанасьцю ўспрымаюць сьвецкія ўлады, гэта таксама зразумела. Але, калі нас так успрымаюць нашы браты ў веры, то хочацца запытаць: «Чаму да нас такое стаўленьне?»
Трэба прызнаць, што гэта перашкаджае нашаму разьвіцьцю. Пазыцыя чаканьня, якую заняў Ватыкан, выражаецца нават у афіцыйнай штогадовай статыстыцы, дзе наша царква ніяк не называецца. Па сёньняшні дзень у нас няма ніякай кананічнай структуры, хаця даўно мусіць быць, бо ў нас ёсьць царква, ёсьць сьвятары, ёсьць вернікі, ёсьць месцы, дзе мы молімся, займаемся душпастарствам. Хіба гэта не царква? Якая прычына?
Яшчэ больш балюча і крыўдна, што Маскоўскі патрыярхат так моцна ўплывае на пазыцыю апостальскай сталіцы. Але ж гэтая арганізацыя зусім нядаўна паказала сваё абсалютна не царкоўнае здумленьне (маецца на ўвазе скандал з Канстантынопальскім патрыярхам). Нам увесь час вымаўляюць, што наша царква маленькая. З гэтай нагоды хочацца запытаць: «Які парог нам трэба пераадолець, каб нас пачалі ўспрымаць як належыць, як царкву, вартую кананічнай структуры?» Калі мы адкрываем кананічнае права, то такі стан існаваньня можа быць толькі на місійных тэрыторыях, дзе сьвятар займаецца апостальскай дзейнасьцю і вандруе зь месца на месца.
Мне падаецца, што такое стаўленьне апостальскай сталіцы да ўніяцкай царквы вынікае з маскоўскага ўплыву на постсавецкую прастору. Пераконвае у гэтай думцы і той факт, што нават Украіне рымскі пасад не дае свайго грэка-каталіцкага патрыярхату, і гэтая справа блякуецца.
Айцец Зьміцер, пры канцы нашай размовы хацелася б, каб Вы сказалі колькі словаў пра сваю сям'ю і мо пра нейкія свае захапленьні.
Галоўным маім захапленьнем заўсёды была і ёсьць гэтая царква. Яна – маё жыцьцё. Мо гэта гучыць неяк дзіўна, але гэта тое, чым я жыву. Пасьля таго, як я паверыў у Бога, у цэнтры майго жыцьця заўжды была мая вера. Яна матывавала мае рашэньні, мае ўчынкі. Не скажу, што я дасягнуў нейкіх там вяршыняў праведнасьці. Я таксама, як і ўсе людзі, і грашу, і спавядаюся, і малюся, і прашу, але пытаньня, каб шукаць супакаеньня ў чымсьці іншым, ніколі перада мной не паўставала. Час ад часу я задумваўся: «А што б я мог рабіць яшчэ?» Ясна, што я шмат чаго магу рабіць, але пытаньне ў тым, ці здолеў бы я гэтак жа рэалізавацца? Ці быў бы я гэткім жа шчасьлівым у нечым іншым?
Другая галіна майго жыцьця – гэта наша вялікая сям'я. Сям'я ў нас ня толькі вялікая, але і вясёлая. У нас з жонкай, матушкай Інэсай, тры сыны і тры дачкі. Самай малодшай тры гады. Старэйшы сын – аднагодак майго сьвятарства. На жаль, ён пойдзе іншым шляхам. І гэта ў нейкай ступені можа быць вынікам той нявызначанай сытуацыі, у якой знаходзіцца наша царква. Дзеці мае шмат ездзяць на рэлігійныя каталіцкія сустрэчы і летнікі, але калі прызнаюцца, што яны грэка-каталікі, то часам сутыкаюцца зь неразуменьнем. Ёсьць і каталіцкія сьвятары, якія не найлепшым чынам ставяцца да ўніятаў. Яны ня ў стане патлумачыць сваім вернікам, хто мы такія. Яны кажуць пра гэта зь нейкай дыстанцыяй ці іроніяй, і дзеці гэта адчуваць, дзесьці саромеюцца.
Сумна з гэтай прычыны, але нічога страшнага. Я найперш малюся, каб у іх была вера, каб яны за ўсімі гэтымі рэчамі другога пляну жывога Бога ўбачылі. А як гэта зрабіць? Гэтаму бацькі, на жаль, навучыць ня могуць. Але я спадзяюся, што маё жыцьцё, мая дзейнасьць тут, і тое, чаму я вучу, можа, нейкім чынам адкрые ім жывога Бога. Прынамсі дасьць перакананасьць, што Ён жывы дзесьці ёсьць, што Яго можна пазнаць, толькі для гэтага трэба старацца.
Такая вялікая сям'я – гэта вялікая праца, але і надзея таксама вялікая.
Жонка больш займаецца домам, дзецьмі, добра шые, а вось зараз захапілася лозапляценьнем. Заахвочвае да гэтай справы і дзяцей, каб адцягнуць іх ад экранаў, ад гаджэтаў. Ці гэта атрымліваецца? Гэта такая барацьба кожны дзень. Бачу, як яна стамляецца.
Для нас вельмі каштоўныя нашыя адносіны. Мы разумеем, што сьвятарская сям'я – гэта ня проста так. Перакананы, што быць сьвятаром у парафіі і ня быць сьвятаром у хаце – гэта не найлепшы варыянт. Але, з другога боку, нейкія непаразуменьні зь дзецьмі, нейкія канфлікты адразу могуць пераносіцца на мяне як на сьвятара.
Тое, што калісьці Бог нас зьвёў, я думаю, было вельмі важным і для майго сьвятарства, і для мяне як чалавека. Пазнаёміліся мы ў Любліне, у Польшы, калі я вучыўся на тэалёгіі, а Інэса на псыхалёгіі. Жонка фактычна можа самы веруючы чалавек у нас. Яна шмат моліцца, заахвочвае да гэтага іншых, яна – мая надзейная падтрымка. Інэса нарадзілася ў Браславе, ў традыцыйнай рыма-каталіцкай сям'і. Я такіх адносінаў у сваёй сям'і ня меў. Мае бацькі ніколі не маліліся, у царкву не хадзілі, а ў яе зь дзяцінства перад вачыма прыклад бацькоў. І гэтая акалічнасьць у шмат якіх сытуацыях дапамагае падтрымліваць адпаведны клімат у сям'і. І гэта таксама вялікі стымул: калі бачыш цудоўнага чалавека побач з сабой, то хочацца быць годным яго.
С. Горкі