Панядзелак, 17 Снежань 2018

Лепельскіх баптыстаў пакаралі за распаўсюд духоўнай літаратуры

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Лепельскіх баптыстаў пакаралі за распаўсюд духоўнай літаратуры Ілюстрацыйнае фота: Іван Арлоў, http://baptist.spb.ru

У Лепелі за сьпевы і распаўсюд хрысьціянскай літаратуры каля мясцовага рынку былі затрыманыя баптысцкія вернікі – сужэнцы Андрэй і Тацяна Фокіны. «Нас затрымалі як злачынцаў і даставілі ў пастарунак», – распавёў Forum 18 Андрэй Фокін.

Інцыдэнт адбыўся 27 кастрычніка. А 30 кастрычніка суд аштрафаваў за парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах паводле часткі 3 артыкулу 23.34 КаАП Андрэя Фокіна на 661,5 рублёў, яго жонку – на 539 рублёў. Гэткі прыкладны памер сярэднямесячнага заробку ў Лепелі.

Паводле Андрэя Фокіна, міліцыю на іх выклікаў чыноўнік мясцовага райвыканкаму. Ён таксама адзначыў, што міліцыянты проста скапіявалі пратаколы, складзеныя ў дачыненьні да яго і ягонай сям'і за аналягічныя ўчынкі ў 2017 годзе. Вернік заяўляе, што іх судзілі як прадстаўнікоў рэлігійнай арганізацыі, хаця яны ёсьць проста сужэнцамі. На думку асуджанага, суд вынес загадзя падрыхтаваную пастанову.

Фокіны абскардзілі гэтае рашэньне ў Віцебскім абласным судзе, але 21 лістапада судзьдзя Сьвятлана Іванова прызнала рашэньне Лепельскага суду законным.

Андрэй Фокін таксама распавёў, што яны не плацілі 1035 рублёў штрафу, выпісаныя ім у 2017 годзе. Ня маюць яны і грошай на новыя штрафы. Пры гэтым з заробку Тацяны Фокінай былі прымусова ўтрыманыя сумы для аплаты леташняга штрафу. Улады таксама пагражаюць забраць у Андрэя Фокіна правы кіроўцы, пакуль ня будзе выплачаны штраф, і накласьці забарону на маёмасьць для пакрыцьця штрафаў.

Фокін сказаў, што падаў апэляцыю на дзеяньні судовага прыстава ў Віцебскі абласны суд 10 сьнежня.

Пры гэтым ён распавёў, што ня мае намеру спыняць бібліятэчнае служэньне. «Калі нас выганяць з аднаго месца, мы знойдзем іншае і зьвернемся да ўсіх магчымых установаў, але мы ніколі не здадзімся», – заявіў вернік.

Фокін мяркуе, што новая хваля ціску можа быць зьвязаная са зьменай кіраўніка Лепельскага выканкаму. Міхаіл Кісялевіч быў прызначаны на гэтую пасаду ў верасьні 2018 году. «Гэты чалавек добра нас знае, таму ён вырашыў выкарыстаць сваё становішча для дэманстрацыі сваёй улады», – заявіў Фокін. Ён сказаў, што чыноўнік зь Лепельскага выканкаму выклікаў міліцыю і назіраў за затрыманьнямі.

Сам жа Міхаіл Кісялевіч заявіў, што ня ведае Андрэя Фокіна і не нясе адказнасьці за штрафы. Кіраўніца ідэалягічнага аддзелу Алена Барадзейка таксама адмаўляе, што міліцыю выклікаў мясцовы чыноўнік. Пры гэтым яна настойвала, што ніякая іншая рэлігійная суполка не сьпявае і не выступае ў грамадзкіх месцах. Каб спыніць перасьлед, яна заявіла, што грамада, да якой належаць Фокіны, павінна зарэгістравацца. Тады, паводле яе словаў, «яны могуць сьпяваць безь якіх-небудзь абмежаваньняў».

Сям'я Фокіных належыць да Міжнароднага саюзу цэркваў эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў, які адкідае неабходнасьць дзяржаўнай рэгістрацыі. МСЦ ЭХБ таксама адмаўляецца плаціць штрафы, накладзеныя за выкананьне правоў на свабоду сумленьня. У Лепелі чальцы царквы арганізуюць вулічную бібліятэку з 1990-х гадоў.

belaruspartisan.by