Заўважым адразу: сродкаў на стварэнне стэлы пайшло меней, чым на плошчу з флагштокам, хаця дакладны кошт укладзеных бюджэтных сум ніхто не называе. Стэла ( аўтар – віцебскі скульптар Сяргей Сотнікаў) будзе адкрывацца разам з новым Паркам працоўнай славы, які адмыслова для гэтага стварылі.
Увогуле ж званне “Горад працоўнай славы 1941-1945” было агучана ў адмысловым праекце СНД, ім уганароўваюць гарады, якія ў часы Вялікай Айчыннай вайны працавалі для фронту. З Оршай тут не зусім зразумела: горад пераважную частку гэтага часу знаходзіўся пад акупацыяй, і ніякую прадукцыю “для фронту” вырабляць не мог. Тым больш, што найбуйнейшыя прадпрыемствы былі вывезены ў эвакуацыю.
Не зразумела да канца, ці атрымала Орша гэтае званне. Бо 30 сакавіка з’явіліся звесткі пра тое, што Орша і Баранавічы намінаваныя на званне “Горад працоўнай славы 1941-1945”. Ці азначае гэта аўтаматычнае наданне – не ясна, тым болей што дакументы пра гэта нідзе не друкаваліся і аршанцаў ніхто не павіншаваў. Тым часам, як у Баранавічах памятны знак з гэтай нагоды з’явіўся яшчэ летам.
Падобна, віншаванні запланаваныя на ўгодкі Кастрычніцкай рэвалюцыі ( гістарычная сувязь таксама няўцямная). Цяпер у горадзе спешна даводзяць парк і стэлу да ладу. Грошай на гэта мала, таму сёлета на стварэнне стэлы была перададзена частка сродкаў, якія Віцебская вобласць зарабіла падчас Рэспубліканскага суботніка 25 кастрычніка.
Алег Якаўлеў
Серада, 29 Кастрычнік 2025
Стэлу, на якую аддалі сродкі з суботніка, адкрыюць у Оршы 7 лістапада
Гэта ўжо другі ідэалагічны аб’ект, які сёлета адчыняецца “для блага аршанцаў”. Першым стала плошча дзяржаўных сімвалаў, на якую выдаткавана больш за 2 мільёны рублёў. Цяпер мае з’явіцца стэла – памятны знак, прысвечаны наданню Оршы звання “Горад працоўнай славы 1941-1945”. І гісторыя яго з’яўлення выклікае шмат пытанняў, прычым не толькі фінансавых.
Апублікавана ў
Рознае