Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Алена Протас прызнала сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Андрэя Андрэева вінаватым у парушэньні артыкулу 22.9 КаАП (парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі) і прысудзіла яму штраф у памеры 20 базавых велічынь. Такому пакараньню партыйны актывіст быў падвергнуты за распаўсюд друкаванай прадукцыі кампаніі «Гавары праўду». Гэтая прадукцыя, маўляў, зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі, не зарэгістраваным у Рэспубліцы Беларусь.

3 верасьня незалежнаму журналісту ў Віцебскай абласной пракуратуры вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з выданьнем, не зарэгістраваным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Уладзімер Жыгулоў адмовіўся даваць пракурору Паўлу Зайцаву тлумачэньні, спаслаўшыся на права ня сьведчыць супраць сябе, гарантаванае арт. 27 Канстытуцыі.

Позву ў пракуратуру Ўладзімер Жыгулоў атрымаў на 3-га верасьня і патэлефанаваў па нумары, пазначаным на блянку. Але яму адмовіліся тлумачыць непасрэдныя прычыны выкліку. У позьве ж напісана так: “для тлумачэньняў наконт пытаньня парушэньня заканадаўства аб СМІ”. Уладзімер Жыгулоў мусіць зьявіцца да пракурора аддзелу па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў П.М. Зайцава.

Дэпартамэнт выкананьня пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь ня даў дазволу незалежнаму журналісту наведаць установы пэнітэнцыярнай сыстэмы. З адпаведнай заявай зьвярнуўся ў дэпартамэнт віцебскі сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Кастусь Мардзьвінцаў. «Кіраўніцтва дэпартамэнту лічыць немэтазгодным наведваньне Вамі папраўчых калёніяў крымінальна-выканаўчай сыстэмы МУС Рэспублікі Беларусь», – паведаміў заяўніку першы намесьнік начальніка ДВП С.І. Працэнка.

Сяргей Серабро і Алена Сьцяпанава ў адзін дзень атрымалі аднолькавыя лісты з загалоўкам “Ведай, куды язык можа давесьці”. Нехта, падпісаўшыся імем Яўген Мішакоў, крытыкуе інфармацыйную палітыку “Радыё Свабода” і “БелаПАН” і зьневажае незалежных журналістаў. Праўда, у тэксьце ліста імёны не называюцца, але намеры аўтара, які даслаў лісты на канкрэтныя адрасы, сумненьняў не выклікаюць.