Аўторак, 21 Снежань 2021

Па рашэнні пракурора Віцебскай вобласці заблакаваны сайт «Віцебскі Кур'ер news»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

20 снежня 2021 году пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец вынес пастанову аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-сайту «Віцебскі Кур'ер news». На думку пракурора, у шэрагу матэрыялаў, размешчаных на сайце, меліся прамыя парушэнні законаў Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» і «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Гэта апошні недзяржаўны электронны рэсурс у Віцебскім рэгіёне, які быў бесперашкодна даступны беларускім чытачам.

У пракурорскай пастанове падаюцца фактычныя матэрыялы, якія нібыта ганьбяць дзелавую рэпутацыю і дыскрэдытуюць дзяржаўныя органы і службовых асобаў. Таксама пракурор знайшоў у шэрагу артыкулаў забароненыя звесткі, «патэнцыйна здольныя нанесці фатальную шкоду нацыянальным інтарэсам беларускай дзяржавы».

Як лічаць у пракуратуры, большасць матэрыялаў «Віцебскага Кур'ера news» правакавала грамадзян да экстрэмісцкіх паводзінаў. У асобных артыкулах пракурор Ігар Украінец выявіў шматлікія няпэўныя дадзеныя аб прыняцці службовымі асобамі дзяржорганаў незаконных актаў, утрыманне якіх масава парушалі канстытуцыйныя правы грамадзян.

На думку абласнога пракурора, у «Віцебскім Курʼеры news» прысутнічалі паведамленні, у якіх сцвярджалася, што суды сістэматычна, у закрытых судовых працэсах, выносілі для ўдзельнікаў пратэстаў незаконныя прысуды. Гэта, маўляў, укараняла ў свядомасці жыхароў краіны негатыўнае ўспрыманне работнікаў міліцыі, следчых, пракурораў, суддзяў і іншых дзяржаўных службоўцаў, узмацняла недавер да прыманых імі рашэнняў, падахвочвала грамадзян да супрацьпраўных дзеянняў.

Дадатковым чыннікам прынятай пастановы пракурор назваў шэраг артыкулаў, у якіх мелася інфармацыя, прызнаная беларускімі судамі як экстрэмісцкая.

Цяпер пастанова пракурора Віцебскай вобласці Украінца выкананая, і доступ да сайту «Віцебскі Курʼер news» абмежаваны для жыхароў Беларусі.

Міхась Пісараў