Як сцвярджаюць аўтары звароту, на сайце чашніцкай раёнкі «быў размешчаны фотаздымак з лагатыпам выдання, якое па рашэнні суду Цэнтральнага раёну г. Менску прызнанае экстрэмісцкім і чыя інфармацыйная прадукцыя ўключаная ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Гаворка ідзе пра невялікую нататку пад назвай «Ваенны камісарыят Чашніцкага раёну запрашае кандыдатаў на пасаду па ваенна-патрыятычным выхаванні», якая была размешчаная на сайце 13 кастрычніка. У ёй аўтар паведамляе аб адкрытай вакансіі і пошуку кандыдатаў на пасаду ваенрука ў сярэднюю школу Новалукомля. Сярод патрабаванняў да кандыдатаў – сярэдняя або вышэйшая адукацыя і служба ў войску. Матэрыял ілюструецца фотаздымкам з лагатыпам інфармацыйнага парталу TUT.BY.
Стваральнікі петыцыі спасылаюцца на розныя заканадаўчыя акты, у тым ліку на закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Выказваюць меркаванне, што супрацоўнікі рэдакцыі «Чырвонага праменя» ўчынілі «адміністрацыйнае правапарушэнне – распаўсюдзілі прадукцыю, уключанаю ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Грамадзяне, якія падпісалі петыцыю, просяць адпаведныя органы «правесці праверку па прыкметах невыканання службовымі асобамі ўстановы «Рэдакцыя газеты «Чырвоны прамень» патрабаванняў Закону «Аб сродках масавай інфармацыі» і ў выпадку ўстанаўлення факту парушэння ўказанага Закону – вынесці пісьмовае папярэджанне. Просяць таксама правесці праверку па прыкметах учынення супрацоўнікамі рэдакцыі газеты «Чырвоны прамень» правапарушэння, прадугледжанага арт.19.11 і, калі факт будзе пацверджаны, прыцягнуць вінаватых да адказнасці паводле арт.19.11 КаАП.
У Беларусі стала ўжо нормай, калі суд карае грамадзян за рэпосты ў сацыяльных сетках матэрыялаў, створаных СМІ, якія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі». Караюць буйнымі штрафамі або адміністрацыйнымі арыштамі. Але ці будуць ужытыя якія-небудзь санкцыі да дзяржаўнай газеты і яе супрацоўнікаў – вялікае пытанне.
Уладзімір Бяляўскі