Прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, якое выступала зацікаўленым бокам, на працэс не з'явіліся. Справа разглядалася без іх.
Суддзя Марыя Лапшова паведаміла, што была праведзена экспертыза і было ўстаноўлена, што «інфармацыя, апублікаваная на тэлеграм-канале «Дактрына V», утрымлівае прыкметы экстрэмісцкай». У сваёй заяве пракурор Віцебскай вобласці прасіў прызнаць «інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Дактрына V» экстрэмісцкімі матэрыяламі» і накіраваць копію судовага рашэння ў Міністэрства інфармацыі для ўключэння рэсурсу ў пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Па дадзеных пракуроркі Івановай, гэты рэсурс быў створаны 7 верасня 2020 году, на ім сістэматычна распаўсюджваліся матэрыялы, накіраваныя на распальванне варожасці «у дачыненні да сацыяльных груп, абʼяднаных па прыкметах прыналежнасці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і органаў улады».
Сваё сцверджанне пракурорка падмацавала некалькімі прыкладамі. Так, паводле ейнай інфармацыі, 28 кастрычніка 2020 году на канале быў апублікаваны «заклік да ігнаравання выканання адукацыйных праграм і забастовак, адрасаваны да студэнтаў і выкладчыкаў».
Апроч таго, 30 кастрычніка таго ж году была змешчаная «публікацыя пад назвай «Жаночы марш салідарнасці са страйкоўцамі», якая матывавала грамадзян на ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах». Гэтак жа, па яе словах, маецца шэраг публікацый, якія змяшчаюць заклікі да забастовак і падтрымкі працаўнікоў прадпрыемства «ГорадняАзот», якія далучыліся да агульнанацыянальнага страйк.
Пракурорка заявіла, што мае досыць доказаў, каб прызнаць канал «Дактрына V» экстрэмісцкім і ўключыць яго ў адпаведны спіс, а таксама абмежаваць доступ да яго на тэрыторыі нашай краіны. З гэтай нагоды папрасіла задаволіць пазоўную заяву ў поўным абʼёме.
Суддзя Лапшова прыняла рашэнне прызнаць тэлеграм-канал «Дактрына V» экстрэмісцкім.
Уладзімір Бяляўскі