Афіцыйнае папярэджаньне райпракуратуры блогерка Алена Янушкоўская атрымала 14 траўня. У гэты дзень яе прымусова даставілі ў пракуратуру міліцыянты – толькі каб уручыць паперу. Янушкоўскую папярэдзілі аб недапушчальнасьці паўторных парушэньняў патрабаваньняў Закону «Аб масавых мерапрыемствах», а таксама «выказваньня абразьлівых выразаў» на адрас чыноўнікаў і супрацоўнікаў МУС, якія яна нібыта дапусьціла ў відэароліку «Коронавирус-режим просит подаяния у белорусов».
У скарзе на імя пракурора Віцебскай вобласьці Вадзіма Сушчынскага блогерка выказала нязгоду з афіцыйным папярэджаньнем.
Пракурор падае непраўдзівыя зьвесткі
Янушкоўская заўважае, што ў пракурорскім папярэджаньні адсутнічаюць канкрэтныя факты.
«У дачыненьні да якіх канкрэтна чыноўнікаў і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў маюцца абразьлівыя выказваньні і якія менавіта выразы старшы саветнік юстыцыі палічыў зьневажальнымі, афіцыйнае папярэджаньне не раскрывае», – гаворыцца ў скарзе.
Апроч таго, блогерка сьцьвярджае, што пракурорскае папярэджаньне ўтрымлівае непраўдзівыя зьвесткі аб прыцягненьні яе да адміністрацыйнай адказнасьці ў 2020 годзе. Насамрэч паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП яе прыцягвалі да адказнасьці ня пяць, як падаецца ў афіцыйнай паперы, а шэсьць разоў.
Паведамленьні Янушкоўскай зарэгістраваныя КПЧ ААН
Паведамляе таксама пракурору, што праз свайго прадстаўніка падала, адпаведна, шэсьць індывідуальных паведамленьняў у Камітэт ААН па правах чалавека пра парушэньні Рэспублікай Беларусь яе правоў, гарантаваных арт. 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Паведамленьні Янушкоўскай у КПЧ ААН ужо зарэгістраваныя.
«Дзе быў пракурор Віцебскага раёну са сваімі паплечнікамі, калі за рэалізацыю права на мірныя сходы і выказваньня думкі суды чынілі супраць мяне рэпрэсіі?..» – пытаецца ў скарзе Янушкоўская.
«Замест таго, каб стаць на абарону маіх правоў, пракурор Віцебскага раёну Шклярэўскі стаў на шлях запалохваньня», – падсумоўвае стваральніца ютуб-каналу «Настоящая Беларусь».
Алена Янушкоўская просіць скасаваць афіцыйнае папярэджаньне, пры гэтым – абавязаць пракурора Віцебскага раёну паведаміць заяўніцы, каго канкрэтна і якім чынам яна абразіла ў сваім відэароліку, а таксама – рэкамэндаваць пракурору Шклярэўскаму старанна вывучыць практыку Камітэта ААН па правах чалавека.
Скарга была накіраваная пракурору Віцебскай вобласьці 15 траўня.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!