Алену Янушкоўскую папярэдзілі аб недапушчальнасьці паўторных парушэньняў патрабаваньняў Закону «Аб масавых мерапрыемствах», а таксама «выказваньня абразьлівых выразаў, у тым ліку ў публічных выступах, ці ў інфармацыі, распаўсюджанай у глябальным сеціве Інтэрнэт».
Нагодай для вынясеньня афіцыйнага папярэджаньня стаў відэаролік «Коронавирус-режим просит подаяния у белорусов», разьмешчаны Янушкоўскай 10 красавіка на ютуб-канале «Настоящая Беларусь». На погляд пракурора Віцебскага раёну Шклярэўскага, у гэтым відэа Янушкоўская абразьліва выказваецца пра беларускіх чыноўнікаў і супрацоўнікаў унутраных спраў.
Пракуратура папярэджвае, што гэтыя дзеяньні блогеркі могуць падпадаць пад артыкулы адміністрацыйнага і крымінальнага Кодэксаў Рэспублікі Беларусь (арт. 9.3 КаАП, арт. 23.5 КаАП, арт. 189 КК).
У афіцыйнай паперы пракурор нагадаў таксама актывістцы, што сёлета яна 5 разоў прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасьці за правапарушэньні, прадугледжаныя арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавага мерапрыемства).
«Папярэджаньне?.. Я як жыла, так і буду жыць! Буду, як і раней, рабіць ролікі і гаварыць тое, што я думаю. Бо гэта маё канстытуцыйнае права, і вышэйшых законаў няма. Парушаю яго ня я, а яны», – сказала Алена Янушкоўская пасьля візыту ў пракуратуру.
Дадому блогерку адвезьлі міліцыянты на службовым аўто.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!