Як расказала Натальля Стрэльчанка, ёй ніякіх дакумэнтаў не прад’яўлялі. Яна ўжо напісала скаргу ў пракуратуру.
Паводле Натальлі, падставай для завядзеньня справы паслужыў выяўлены міліцыянтамі пост у сацыяльных сетках, які нібыта апублікаваў яе муж Віктар Бугаёў. На думку супрацоўнікаў МУС, Бугаёў у сваёй публікацыі абразіў старшага інспэктара аддзелу аховы правапарадку гораду Берасьця капітана міліцыі Андрэя Хвесюка. Месцам злачынства значыцца дом дубровенскай актывісткі, дзе прапісаны яе муж.
Андрэй Хвясюк
Пры гэтым сам Віктар Бугаёў ужо больш за тры гады жыве ў адной з эўрапейскіх краін, куды зьехаў, ратуючыся ад перасьледу ўладаў. У Беларусь ён не прыяжджаў, а значыцца, ніяк ня мог пісаць у сацыяльных сетках з дамашняга кампутара ў Дуброўне, мяркуе жонка.
Пра гэта жанчына і паведаміла ў сваёй скарзе на імя пракурора Віцебскай вобласьці. Сьцьвярджае, што канфіскаваныя рэчы не належаць мужу.
На думку Натальлі Стрэльчанка, усе гэтыя «мерапрыемствы» накіраваныя на тое, каб яе запалохаць.
«Гэта зьяўляецца спосабам аказаньня ціску на мяне асабіста, бо пасьля правядзеньня агляду я была дастаўленая ў Дубровенскі РАУС, дзе начальнік і яго намесьнік правялі са мной прафіляктычную гутарку аб недапушчальнасьці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях. Пры гэтым мне заявілі, што ў дачыненьні да мяне праводзіцца крымінальна-працэсуальная праверка», – расказала Натальля.
У Дубровенскім РАУС ёй паставілі ўмовы: калі яна адмовіцца праходзіць дактыляскапію – яе штодня будуць прывозіць у аддзяленьне і ўтрымліваць тры гадзіны, пакуль не пагодзіцца. Пад пагрозамі, жанчыне давялося здаць адбіткі пальцаў.
Натальля Стрэльчанка і яе муж Віктар Бугаёў – актывісты партыі «Народная Грамада». На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Натальля вылучала сваю кандыдатуру ў сьпісе «кандыдатаў пратэсту», але яе ініцыятыўная група не была зарэгістраваная. Віктар Бугаёў вядзе ў сацыяльных сетках блог «Усе аб Дуброўне», у якім крытыкуе мясцовую ўладу і чыноўнікаў. За сваю актыўнасьць перасьледаваўся ўладамі і быў вымушаны зьехаць з краіны.
Уладзімер Бяляўскі