Аўторак, 18 Люты 2020

Блогерку Янушкоўскую аштрафавалі шосты раз. Агульная сума штрафаў – 4725 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

18 лютага суд Віцебскага раёну разгледзеў чарговую адміністрацыйную справу, заведзеную ў дачыненьні да віцебскай актывісткі і блогеркі Алены Янушкоўскай. За рэпост, зроблены ў «Фэйсбуку», яе абвінавацілі ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1, арт. 23.34 КаАП) і аштрафавалі на 30 базавых велічынь.

Паводле пратаколу, агучанага судзьдзём Міхаілам Зубеням, 26 сьнежня 2019 году актывістка на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» разьмясьціла публічны заклік да ўдзелу ў мітынгу і вулічным шэсьці, які меўся адбыцца 29 сьнежня ў Менску.

Алена Янушкоўская на судзе заявіла, што ня лічыць сябе вінаватай, бо абараняць незалежнасьць краіны – гэта права і абавязак кожнага грамадзяніна. Актывістка не адмаўляла таго, што сапраўды заклікала да ўдзелу ў акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй, хаця сама ўзяць удзел у ёй ня мела магчымасьці.

«І калі гэтага ня робіць улада, гэта робім мы – народ!» – падсумавала актывістка.

Адказваючы на пытаньні судзьдзі Зубені, Алена Янушкоўская імкнулася абгрунтаваць сваю грамадзянскую пазыцыю і давесьці матывы, якімі кіравалася, публікуючы пасты ў інтэрнэце. Яна нагадала судзьдзі артыкулы Канстытуцыі, якія забясьпечваюць правы і свабоды грамадзянаў краіны вольна выказваць свае меркаваньні і патрабаваньні да ўлады.

«Толькі на справе што адбываецца? Нас пазбавілі ўсялякіх правоў, нават сьвятога абавязку адстойваць незалежнасьць сваёй краіны. Вы што творыце? Вы давалі прысягу народу, а на справе служыце толькі за тлусты кавалак…» – выказала судзьдзі сваё абурэньне актывістка.

Алена Янушкоўская разам з праваабаронцам Паўлам Левінавым

Алена Янушкоўская распавяла, што ўжо некалькі гадоў ня можа ўладкавацца на працу. Па стане здароўя яе не бяруць на працу, але і не даюць групу інваліднасьці па мэдычных паказаньнях. На паседжаньне ў суд Віцебскага раёну блогерка прыйшла пасьля апэрацыі на хрыбетніку і адказвала судзьдзі седзячы.

«Хіба мяне ёсьць за што судзіць? Гэткім чынам Лукашэнка з вашай дапамогай нішчыць народ. Гэта ўсё, што я хацела сказаць. І ў гэтай установе мне абсалютна няма чаго рабіць!» – заявіла Алена Янушкоўская.

Пасьля гэтых словаў яна пакінула судовую залю, разам зь ёю сышлі большасьць прысутных на працэсе.

Неўзабаве пасьля таго як Янушкоўская сышла, судзьдзя Зубеня абвясьціў судовае рашэньне. Чарговы штраф Алены Янушкоўскай склаў 30 базавых велічыняў (810 беларускіх рублёў).

Гэткім чынам агульная сума штрафаў грамадзкай актывісткі за абарону незалежнасьці краіны склала 175 базавых велічынь (4725 рублёў). Гэта быў шосты па ліку штраф, прысуджаны Янушкоўскай паводле арт. 23.34 КаАП, за ўдзел у акцыях і заклікі ў іх удзельнічаць. Сродкі на аплату штрафаў блогерка зьбірае на сайце MOLAMOLA (сабрана ўжо 1400 рублёў). 

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.