Пятніца, 05 Сакавік 2021

Навапалачаніна аштрафавалі на 725 рублёў за БЧБ-сцяг на балконе – з другой спробы

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Сцяг, за які пакаралі па арт. 23.34. Фота: gorod214.by Сцяг, за які пакаралі па арт. 23.34. Фота: gorod214.by

Жыхара Наваполацку, якому ўвосень удалося адбіцца ад абвінавачання ў «парушэнні архітэктурнага рашэння» за бел-чырвона-белы сцяг на балконе (арт. 21.13 КаАП), нядаўна абвінавацілі паводле артыкулу 23.34 КаАП. Наваполацкі суд прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні і аштрафаваў на 25 базавых велічынь (725 рублёў), паведамляе gorod214.by.

Справу навапалачаніна 3 сакавіка разглядала суддзя Зінаіда Балаболава. Яна прызнала мужчыну вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Паводле пастановы, вывесіўшы сцяг на балконе кватэры на 6-м паверсе, мужчына публічна «выказваў свае грамадска-палітычныя перакананні». Гэтым самым – зладзіў несанкцыянаванае пікетаванне без адпаведнага дазволу гарвыканкаму».

Суддзя Балаболава пастанавіла ў выніку пакараць мужчыну штрафам у памеры 25 базавых велічынь (725 рублёў).

Нагадаем, у верасні 2020 году гаспадару кватэры ў доме на вуліцы Маладзёжнай, 45 у Наваполацку прыйшоў ліст з гарвыканкаму з папярэджаннем аб магчымым штрафе «за парушэнне архітэктурнага рашэння фасаду будынку». Тады мужчына напісаў у аблвыканкам, патлумачыўшы, што бел-чырвона-белы сцяг не забаронены ў Беларусі і адпавядае яго «эстэтычным уяўленням аб правільным спалучэнні колераў». Мужчына адзначаў у лісце, што не выкарыстоўвае сцяг на масавых мерапрыемствах, не вывешвае яго з балкона, а толькі прымацаваў да сцяны, што не з'яўляецца парушэннем заканадаўства.

1 кастрычніка аўтар ліста атрымаў адказ з гарвыканкаму. Яму паведамілі, што вывучылі «больш падрабязна сітуацыю, звязаную з палотнішчам сцяга» на лоджыі яго кватэры, і вырашылі, што гаспадар не парушае «архітэктурнае рашэнне фасаду будынку». А значыцца, адміністрацыйны працэс паводле арт. 21.13 КаАП у дачыненні да ўладальніка кватэры не будзе пачаты.