Серада, 10 Сакавік 2021

Чэслаў Салодкі і Таццяна Юхо абскардзілі штрафы ў абласным судзе. Якія вынікі?

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Чэслаў Салодкі ў абласным судзе Чэслаў Салодкі ў абласным судзе

10 сакавіка Віцебскі абласны суд разгледзеў шэраг скаргаў грамадскіх актывістаў з Віцебску на рашэнні судоў першай інстанцыі. Скаргі пенсіянера Чэслава Салодкага і віцяблянкі Таццяны Юхо разбірала суддзя Святлана Іванова. Рашэнні раённых судоў яна пакінула без зменаў, а скаргі не задаволіла.

66-гадовы віцяблянін Чэслаў Салодкі спрабаваў абскардзіць пастанову суду Кастрычніцкага раёну Віцебску ад 5 студзеня. Паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці (16 снежня) і пікетаванні (17 снежня) суддзя Уладзімір Царыкаў аштрафаваў віцябляніна на 348 рублёў.

З пастановай суду Кастрычніцкага раёну Чэслаў Салодкі не пагадзіўся. У скарзе настойваў, што пастанова супярэчыць Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Прасіў пастанову суду ніжэйшай інстанцыі адмяніць, а справу спыніць праз адсутнасць у ягоных дзеяннях складу правапарушэння.

У судзе Чэслаў Салодкі падтрымаў сваю аргументацыю і патлумачыў, што, як інвалід 2-й групы, для падтрымання здароўя часта гуляе па горадзе. 16 снежня ён выпадкова ў двары сустрэўся з калонай пратэстоўцаў, прайшоў з імі не больш за 20 метраў, дакрануўся да бел-чырвона-белага сцягу, бо лічыць яго нацыянальнай святыняй. Што тычыцца 17 снежня, то, па словах Салодкага, ён наагул не бачыў ніякага пікету.

«Неабгрунтаванае, незаконнае, несправядлівае» рашэнне

У сваю чаргу, адвакатка Салодкага адзначыла, што рашэнне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску ад 5 студзеня «неабгрунтаванае, незаконнае, несправядлівае і падлягае адмене». Адзінае парушэнне, якое судом ставілася ў віну Салодкаму, было «размяшчэнне ім бел-чырвона-белага сцягу на скульптуры мядзведзя 17 снежня». Гэтае дзеянне і было ўспрынятае судом як пікетаванне, хаця сам факт размяшчэння сцягу на скульптуры суд палічыў нявысветленым.

Што тычыцца 16 снежня, то ў аснову доказу віны Салодкага былі пакладзеныя сведчанні, узятыя з матэрыялаў справы іншай асобы, абвінавачанай у несанкцыянаваным шэсці. У такім выпадку, пераконвала адвакатка, грамадзянка мусіла быць апытаная ў судзе ў якасці сведкі, але гэтага не адбылося. Апроч таго, сведчанні міліцыянта, які нібыта апазнаў Салодкага ў вечаровы час з адлегласці 100 метраў наагул не вытрымліваюць крытыкі.

Разам з тым, у матэрыялах справы адвакатка налічыла шэраг парушэнняў. На яе думку, справа не была падрыхтаваная да судовага паседжанняў у адпаведнасці з нормамі працэсуальнага заканадаўства.

«Дапушчальных, дастатковых, дакладных доказаў віны Салодкага суду пададзена не было», – сцвердзіла адвакатка.

Выслухаўшы аргументы аштрафаванага і яго адвакаткі, суддзя Святлана Іванова не знайшла падставаў для задавальнення скаргі. Пастанавіла пакінуць пастанову аб пакаранні без зменаў, а скаргу – без задавальнення.

Тая ж суддзя не задаволіла 10 сакавіка і скаргу віцяблянкі Таццяны Юхо на рашэнне суду Чыгуначнага раёну Віцебску ад 10 лютага, які аштрафаваў яе на 870 рублёў за распаўсюд саматужнай газеты «Витебский вестник» (арт. 22.9 КаАП).

С. Горкі