22 лютага суддзя Ірына Котава прызнана вінаватай мясцовую жыхарку Кацярыну Жураўлёву ва ўчыненні паўторнага крадзяжу ў праваслаўным храме Свята-Пакроўскага жаночага манастыра. Суд на падставе ч.2 арт.205 КК прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Крымінальная справа была распачатая па заяве кіраўніцтва культавага комплексу.

Суддзя суда Пастаўскага раёна Наталля Максімовіч 19 лютага за падпіску на "экстрэмісцкія" інфармацыйныя рэсурсы ў сацыяльных сетках арыштавала на 9 сутак беспрацоўнага мясцовага жыхара Дзмітрыя Казлоўскага. 12 лютага тая ж самая суддзя прызначыла Дзмітрыю 6 сутак за “экстрэмізм”.

На Тэлеграм-канале, блізкім да віцебскіх сілавікоў, з'явіўся ўжо трэці глумлівы відэаролік, змантажаваны з відэазапісаў «размовы» з затрыманым Аляксеем Нябоськам – жыхаром Віцебска, які працуе кіроўцам аўтобуса і мае хобі – спявае на вуліцы пад гітару. «Віцебская вясна» ужо пісала пра тое, што ў пастарунку мужчыну загадалі спяваць дзяржаўны гімн Беларусі. Аказалася, не толькі яго: да 8 сакавіка саматужныя «кінарэжысёры» падрыхтавалі відэаролік, дзе затрыманы віншуе жанчын і спявае для іх песню. А яшчэ праз два дні на   Тэлеграм-канале «Северная століца» выйшаў чарговы «твор»  з выкарыстаннем здымак аператараў у пагонах. Для іх нават быў падабраны адмысловы «рэквізіт» - імправізаваны нацыянальны сцяг з кавалкаў тканіны і кніга пра гісторыю Беларусі.

Суддзя суда Пастаўскага раёна Наталля Жукава 26 лютага за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу па ч.1 арт. 435 Крымінальнага кодэкса прызначыла пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год мясцоваму жыхару 19-гадоваму Арцёму Байдаку. Крымінальная справа разгледжана ў выязным судовым пасяджэнні ў Пастаўскім раённым ваенкамаце, куды запрасілі маладых людзей прызыўнога ўзросту.

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 29 лютага за распаўсюд у сацыяльнай сетцы “экстрэмісцкай” відэапрадукцыі арыштавала на 15 сутак мясцовага жыхара Іллю Рагожнікава.