Суддзя суда Талачынскага раёна Алеся Саян 28 лютага за невыкананне ваенна-транспартнага абавязку папярэдзіла механіка мясцовага прадпрыемства, бацьку пяці непаўналетніх дзяцей Аляксандра Камісарава.

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Антаніна Сірата 17 студзеня пастанавіла спагнаць з вязня магілёўскай турмы №4 Алега Яфрэменка ў рэспубліканскі бюджэт кампенсацыю страхавой выплаты ў памеры 135 рублёў. Такую суму УУС Вітаблвыканкама выплаціла работніку міліцыі, які атрымаў траўму ад палітвязня падчас масавых беспарадкаў у 2020 годзе ў абласным цэнтры. Ні прадстаўнік УУС, ні адказнік Яфіменка, у судовым паседжанні не прысутнічалі.

Сталі вядомыя падрабязнасці абвінавачванняў, высуных супраць пастара Аляксандра Зарэцкага з Навалукомля. 5 сакавіка суддзя Чашніцкага райсуда Ала Смірнова пакарала яго арыштам на 15 сутак за «несанкцыянаванае пікетаванне». Пікетам суд палічыў пропаведзь пастара падчас аднаго з богаслужэнняў, на якой, верагодна, прысутнічалі аператыўнікі. Фразы «помолимся за тех, кто в тюрьмах по сфальсифицированным причинам»,  «давайце маліцца за Украіну» і іншыя былі расцэнены як выразы, якія «адлюстроўваюць грамадска-палітычныя інтарэсы».

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 29 лютага за незаконнае выкарыстанне замежнай бязвыплатнай фінансавай дапамогі аштрафавала на 600 рублёў жонку палітвязня Аляксандра Капшуля, Аксану Капшуль. Акрамя таго, суддзя пастанавіла спагнаць з «правапарушальніцы» ў даход дзяржавы 1993,48 рублёў ЗБД. Дапамога была атрымана ў выглядзе тавараў праз інтэрнэт-краму.

Спадарыні Людміле 62 гады, яна паходзіць з Глыбокага, але ўжо некалькі год вымушана жыве за мяжой. Следчыя распачалі супраць яе «спецвытворчасць» - юрыдычную працэдуру, паводле якой чалавека, якога няма ў Беларусі, можна судзіць завочна. Жанчыну вінавацяць паводле арт.188 Крымінальнага Кодэкса (Паклёп). Санкцыі артыкула прадугледжваюць абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.