7 сутак арышту – такі вэрдыкт у дачыненьні да актывіста Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Яна Дзяржаўцава вынесла 26 сакавіка судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Натальля Карабліна. Партыец пакараны паводле артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў) за ўдзел у пікеце супраць «выбарчага фарсу» ля выбарчага ўчастку 22 сакавіка.

Судзьдзя Валянціна Кавалёва задаволіла скаргу актывісткі незалежнага прафсаюзу РЭП былой кладаўшчыцы складу № 2 гатовай прадукцыі ААТ «Віцебскмясамалпрам» Алены Шандзюковай на пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Названая пастанова была вынесеная опэрупаўнаважаным АБЭЗ АУС адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебска Р. Беразьнёвым. Суд абавязаў міліцыю належна правесьці праверку фактаў нястачы таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў на суму каля 85 мільёнаў рублёў.

Аршанскія актывісты Юры Нагорны і Яўген Анішчанка спрабавалі праз суд змусіць міліцыю, паліклініку і камунальнае прадпрыемства “Спэцаўтабаза” заключыць дамовы на абслугоўваньне пікету. Але 12 лютага судзьдзя Алеся Котава адмовіла актывістам - падтрымала прадстаўнікоў адказных служб у іх нежаданьні супрацоўнічаць з апазыцыянэрамі.

Кастрычніцкі райсуд Віцебску не задаволіў скаргу лекара на забарону пікету-рэквіему супраць міліцэйскага гвалту. Судзьдзя Алена Папкова вырашыла, што Кастрычніцкая раённая адміністрацыя мела рацыю, забараніўшы акцыю Ігара Пастнова, якую ен зьбіраўся правесьці летась у сьнежні.

29 студзеня адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк абскарджваў у Віцебскім абласным судзе адмову ў рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных груп. Суд падтрымаў ранейшыя адмовы раённай і абласной выбарчых камісіяў. Актывіст зьбіраўся балятавацца ў Талачынскі раённы і Коханаўскі сельскі саветы праз збор подпісаў.