Актывіст партыі левых «Справядлівы сьвет» Андрэй Андрэеў абскарджваў у абласным судзе штраф, якім пакарала яго судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Алена Протас за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў кампаніі «Гавары праўду». Справу разглядала судзьдзя Ірына Смалякова. Довады Андрэя Андрэя, які сьцьвярджаў, што права на распаўсюд інфармацыі дадзена яму Канстытуцыяй – найвышэйшым законам Рэспублікі Беларусь, не пераканалі судзьдзю, і пастанова ў дачыненьні да актывіста пакінутая ў сіле.

Абвінавачаная ў зьдзяйсьненьні выбуху каля будынку КДБ у Віцебску 42-гадовая мясцовая жыхарка прызнала сваю віну ў судзе і распавяла пра матывы, якія штурхнулі яе на гэты ўчынак. Паводле ейных слоў, такім чынам жанчына хацела пасеяць паніку сярод супрацоўнікаў КДБ, бо лічыла, што яны нядбала паставіліся да пошуку хуліганаў, якія некалькі гадоў таму ўчынілі выбух у пад’езьдзе яе дому.

Касацыйная скарга віцебскага лекара Ігара Пастнова наконт накіраваньня яго на прымусовае лячэньне ў абласны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі пакінутая без задавальненьня, паведаміў мясцовы праваабаронца Леанід Сьвецік. Скарга была разгледжаная 12 верасьня Віцебскім абласным судом у закрытым рэжыме. Пастноў прасіў адмяніць рашэньне суду Віцебскага раёну і запрасіць яго на разгляд уласнай скаргі. Абедзьве просьбы задаволеныя не былі.

Калегія Менскага гарадзкога суду адмовіла Любові Кавалёвай і Тацьцяне Казяр у задавальненьні скаргі на дзеяньні суду Кастрычніцкага раёну Менску. Маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва, пакаранага сьмерцю за тэракт у менскім мэтро, прасілі суд вышэйшай інстанцыі прызнаць неправамернай адмову раённага суду распачаць грамадзянскі працэс адносна шэрагу органаў найвышэйшай дзяржаўнай улады, якія адмаўляюцца раскрыць месца пахаваньня расстралянага.

На апэратыўнай нарадзе галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму разгледжаныя паступіўшыя зь Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і пракуратуры Віцебскай вобласьці звароты праваабаронцы Паўла Левінава. У прыватнасьці, зьвернутая ўвага судзьдзі суду Першамайскага раёну Віцебску Натальлі Караблінай на недапушчальнасьць надалей парушаць працэсуальнае заканадаўства пры разглядзе спраў аб адміністрацыйных правапарушэньнях.