Старшыня першаснай арганізацыі СПБ «Шкловалакна» Віктар Стукаў падаў у абласны суд скаргу на вызначэньне Полацкага гарадзкога суду, які 18 жніўня адмовіўся разглядаць справу аб дыскрымінацыі па прыкмеце членства ў адным або іншым прафсаюзе.

Наваполацкі суд 28 жніўня вынес рашэньне аштрафаваць грамадзянскага актывіста Яўгена Парчынскага. Памер штрафу склаў 7,5 мільёна рублёў. Суд прызнаў актывіста вінаватым у дапамозе работнікам заводу «Палімір» у атрыманьні фальшывых позваў у міліцыю, якія мусілі апраўдаць факт іх адсутнасьці на працы. Пракуратура спрабавала прыпісаць актывісту яшчэ шэраг парушэньняў закону, такіх як махлярства і падбухторваньне да дачы хабару, але ў судзе такія дзеяньні не знайшлі пацьверджаньня.

Жыхар Віцебску Павал Тулубенскі зьвярнуўся з заявай у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусі. У сваёй заяве ён просіць кіраўніцтва вышэйшай судовай інстанцыі краіны прыцягнуць да адказнасьці і адхіліць ад займаемай пасады старшыню суду Кастрычніцкага раёну Віцебску Яўгена Бурунова. На думку заяўніка, судзьдзя Буруноў вынес у дачыненьні да яго неправасуднае рашэньне па адміністрацыйнай справе.

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску распачаўся новы разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да актывісткі Надзеі Куканос. Справу вядзе судзьдзя Алена Цыганкова. 30 ліпеня судовае паседжаньне пачалося са значным спазьненьнем, і адна з выкліканых у суд сьведак, Людміла Савельева (на фота), падала наконт гэтага скаргу. Пасьля, паводле слоў спадарыні Савельевай, судзьдзя запрасіла яе ў свой габінэт, дзе зьневажала яе і пагражала прыцягнуць да адказнасьці за фальшывыя паказаньні. У выніку жанчына мусіла зьвярнуцца да лекараў, якіх выклікалі наўпрост у суд…

Судзьдзя суду Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці Сьняжана Кіндзеева вынесла пастанову пра спыненьне адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да сябра палітвыканкаму Віцебскай абласной арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Міхаіла Пятроўскага. Такая пастанова вынесеная ў сувязі з тым, што скончыўся тэрмін накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня.