29 студзеня Эканамічны суд Віцебскай вобласьці скончыў разгляд пазову ААТ «Полацак-Шкловалакно» да Свабоднага прафсаюзу Беларускага і прыняў прадказальнае рашэньне. У сувязі са сканчэньнем тэрміну арэнды суд абавязаў адказчыка (СПБ) вярнуць уласьніку арэндаванае ў яго памяшканьне (г. Полацак, вуліца Ўсьпенская, 3).

Зьвярнуўшыся ў Вярхоўны суд, віцябчук Андрусь Кешанюк дамогся вяртаньня яму бел-чырвона-белага сьцяга, канфіскаванага згодна з пастановай па распачатай супраць яго адміністрацыйнай справе. Астатняя частка пастановы старшынём Вярхоўнага суду пакінутая бязь зьменаў.

Суд Полацкага раёну 19 лістапада вынес рашэньне абмежаваць свабоду Зьмітра Русака на 2 гады. Да хатняй хіміі жыхар гарадзкога пасёлку Ветрына прысуджаны за заведама фальшывае паведамленьне ў інтэрнэце пра бомбу, нібыта закладзеную ў гандлёвым цэнтры ў Полацку, і абразу прэзыдэнта.

Дзьве маладыя сям'і з Воршы выйгралі суд у міліцыянтаў. Яны змаглі даказаць, што не абражалі супрацоўнікаў РАУС і не ўчынялі ім непадпарадкаваньня падчас затрыманьня. Зрэшты, кампэнсацыю за маральную шкоду яны не атрымалі, хоць патрабавалі.

У віцебскім офісе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) прайшло абмеркаваньне рэформы судовай сыстэмы, якая даўно насьпела. На сустрэчы, што адбылася 7 кастрычніка, прысутнічалі мясцовыя актывісты партыі і праваабаронцы. Зь Менску прыехалі старшыня партыі Ігар Барысаў, праваабаронца і кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак, а таксама былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў.