Серада, 18 Верасень 2024

17 верасня на Віцебшчыне прайшлі два суды па «народных» адміністрацыйных артыкулах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэта вынікае з інфармацыі судовых раскладаў. Насамрэч падобных адміністрацыйных спраў магло быць і болей, бо не ўсе суды Віцебскай вобласці падаюць звесткі пра сваю працу для размяшчэння на сайце Вярхоўнага суда. Таксама часта здараюцца выпадкі, калі суды па «народных» адміністрацыйных артыкулах у раскладах  не згадваюцца ўвогуле, а працэсы праводзяцца «явачным парадкам» - цягам 72 гадзін пасля затрымання «правапарушальніка». Але прынамсі пра гэтыя два выпадкі вядома дакладна.

У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска судзілі прадпрымальніка Дзмітрыя Цалуйку. Суддзя Уладзімір Царыкаў разглядаў пратаколы, складзеныя міліцыянтамі па ч.2 арт. 19.11 КаАП ( распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі») і па ч. 1 арт 24.23 КаАП (парушэнне парадка арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).

Месяц таму, 13 жніўня, той самы суддзя Царыкаў разглядаў папярэднюю адміністрацыйную справу, распачатую супраць Дзмітрыя Цалуйкі па ч.2 арт. 19.11 КаАП. Вынікі судоў удакладняюцца.

У судзе Пастаўскага раёна 17 верасня разбіралі справу, распачатую па ч.2 арт. 19.11 КаАП супраць Ігара Дзіковіча. У сацыяльных сетках 44-гадовага мужчыны знайшлі падпіскі на «забароненыя» інтэрнэт-рэсурсы. Судзіла пастаўчаніна Наталля Максімовіч, яе вырак пакуль не вядомы.

Фаіна Дзегцярова