16 верасня ў судзе Пастаўскага раёна разбіралі справу 55-гадовага Аляксандра Ціхановіча. Яго вінавацілі па ч.2 арт. 19.11 КаАП ( распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі») і па ч. 1 арт 24.23 КаАП (парушэнне парадка арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).
17 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска судзілі прадпрымальніка Дзмітрыя Цалуйку. Суддзя Уладзімір Царыкаў разглядаў пратаколы, таксама складзеныя міліцыянтамі па двух «народных» артыкулах: ч.2 арт. 19.11 КаАП і ч. 1 арт 24.23 КаАП. Месяц таму, 13 жніўня, той самы суддзя Царыкаў разглядаў папярэднюю адміністрацыйную справу, распачатую супраць Дзмітрыя Цалуйкі па ч.2 арт. 19.11 КаАП. Вынікі судоў удакладняюцца.
У судзе Пастаўскага раёна 17 верасня разбіралі справу, распачатую па ч.2 арт. 19.11 КаАП супраць Ігара Дзіковіча. У сацыяльных сетках 44-гадовага мужчыны знайшлі падпіскі на «забароненыя» інтэрнэт-рэсурсы. Судзіла пастаўчаніна Наталля Максімовіч, яе вырак пакуль не вядомы.
18 верасня за рэпосты і «лайкі» так званай «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі» паводле ч.2 арт.19.11 КаАП судзілі Алену Гарнак, жыхарку горада Віцебска. Яе справу ў судзе Першамайскага раёна разглядала суддзя Вольга Клімкова.
19 верасня віцебскі суд Чыгуначнага раёна ў асобе Алены Цыганковай разбіраў справу Яўгена Зубкова, распачатую за «распаўсюд экстрэмізму. Тамсама судзілі і Віталя Храмцова -- па ч.2 арт. 19.11 КаАП і за дробнае хуліганства.
19 верасня ў судзе Вушацкага раёна суддзя Аксана Мішута разбірала ажно тры адміністрацыйныя справы па ч.2 арт. 19.11. Судзілі Сяргея Чарткова, Генадзя Арлоўскага і Дзмітрыя Федуковіча. Усе яны супрацоўнікі Вушацкага філіяла «Белтэлекама», усе ў розны час былі станоўчымі героямі публікацый у мясцовай «раёнцы». І нават болей: Генадзь Арлоўскі быў занесены на раённую Дошку гонару ў 2022 г., а Дзмітрый Федуковіч – у 2014 г.
Сёння, 20 верасня, тая ж суддзя Аксана Мішута разбірала справу Алены Федуковіч, жонкі ўчорашняга падсуднага. Жынчына таксама працуе ў мясцовым філіяле «Белтэлекама», і судзяць яе таксама за «распаўсюд экстрэмізму».
Алег Навумаў