Пятніца, 13 Верасень 2024

Віцябляніна Паўла Іванова будуць судзіць за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Суд над ім адбудзецца ў панядзелак, 16 верасня. Разбіраць справу жыхара Віцебска прызначаны суддзя Першамайскага раёна Дзяніс Аляксеенка. Пра затрыманне Паўла Іванова стала вядома сёлета ў чэрвені: Telegram-канал, блізкі да віцебскіх сілавікоў, апублікаваў кадры затрымання мужчыны ўзброенымі людзьмі ў бронекамізэльках. А таксама відэазапіс, дзе Павел Іваноў прызнаецца, што «на эмоцыях пісаў каментары» і прымаў удзел « у масавых беспарадках».

У допісе на Telegram-канале Іванова называюць «ждуном» і «очередным шатателем режима», які «теперь будет на полном гос. обеспечении страны, в которой он мечтал устроить хаос и разруху». У відэароліку дэманструюцца фотаздымкі, на якіх Павел Іваноў у вялікай кампаніі людзей сфатаграфаваны на фоне плакатаў і бел-чырвона-белага сцяга.

Паводле звестак з сацыяльных сетак, Паўлу Іванову 56 гадоў. Ён ураджэнец Віцебска, выйсковую службу праходзіў у Нямеччыне, з 2012 года будаваў той самы прыватны дом на ўскраіне абласнога цэнтра, каля якога быў затрыманы. Прычым мужчыну нават не дазволілі апрануцца: АМАП затрымаў яго ў дамашнім халаце, і ў такім выглядзе Іванова пад канвоем даставілі ў Следчы камітэт.

Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу паводле ч.1 арт. 358 КК (абраза Лукашэнкі) і арт.369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Ігар Лупнікаў