Каментар, які яму прыпісваюць мае наступны змест: «У горадзе Лепель ніхто не выходзіць, усе сядзяць дома. Нельга так! Вы ж паказвалі, што можаце! У вас там 7 міліцыянтаў на 17 тысяч чалавек!».
Дзяніс Кузьміч на відэа сілавікоў адзеты ў белую байку з надпісам «Свабода», але напрыканцы відэа да гэтага надпісу на ангельскай мове сілавікі дадалі надпіс "No more", што складаецца ў фразу "Freedom no more", што азначае «Свабоды больш няма». Зараз лепяльчанін знаходзіцца на Акрэсціна.
Стала вядома і пра суды яшчэ над чатырма лепяльчанамі - Станіславам Запольскім, якога судзіла суддзя Наталля Сушко 18 чэрвеня па ч. 2 артыкула 19.11 КаАП РБ (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць).
Таксама па двух адміністрацыйных палітычных артыкулах у той жа дзень судзілі маладую маці, інжынера-хіміка Лепельскага водаканала Святлану Майзус. Ёй інкрымінавалі ч. 1 артыкула 24.23 КаАП — Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў і ч. 2 артыкула 19.11 - распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Вынікі іх судоў пакуль невядомыя.
Да 20 сутак быў прысуджаны і Аляксандр Шумаеў за падпіску на так званыя экстрэмісцкія матэрыялы, у акцыях пратэсту ён не ўдзельнічаў.
Вядома яшчэ пра адзін выязны суд у Лепелі, пра які напісаў нават сайт мясцовай раёнкі «Лепельскі край». Паводле гэтага СМІ, мужчыну, якому на выгляд каля 60 год, назвалі М., які з'яўляецца работнікам аднаго з дзяржаўных прадпрыемстваў Лепельшчыны, судзілі па двух артыкулах 19.11 і 24.23 КаАП Беларусі за распаўсюд так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Лепяльчанін рабіў рэпосты чатыры гады таму, ён нават не памятаў пра іх, але мужчыну пакаралі 30 суткамі арышту.
Увогуле ў невялікім горадзе Лепелі, як і ў іншых падобных гарадах Віцебскай вобласці, пераслед па палітычных матывах за іншадумства зведалі некалькі сотняў чалавек, сядзяць за кратамі, па некаторых звестках, каля 10 чалавек. Але дакладная лічба невядомая, бо іх саміх, родных, знаёмых і сяброў улады запужваць, каб ніякай інфармацыі не было ў СМІ. Таксама з людзьмі, якіх штрафавалі і саджалі на суткі па народных палітычных артыкулах, міліцыянты часта праводзяць так званыя прафілактычныя гутаркі і правяраюць іх тэлефоны. Вядома, што такіх людзей не бяруць на працу ў дзяржаўныя структуры, хоць там і ёсць вакантныя месцы.
Эрыка Рымкевіч