Пятніца, 21 Чэрвень 2024

Пазбаўленне волі ва ўмовах строгага рэжыму і вялізны штраф атрымаў былы вязень “Віцьбы-3”

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Гомельскім абласным судзе 17 чэрвеня завяршыўся завочны суд над былым палітвязням, юрыстам і праваабаронцам Леанідам Судаленкам. Суд прызнаў праваабаронцу вінаватым і прызначыў яму на падставе ч.1 і ч.2 арт. 361-4 КК пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму са штрафам у памеры 26 тыс. рублёў. Справу разглядаў суддзя Анатоль Сотнікаў.

Леанід Судаленка – адзін з першых праваабаронцаў, які пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года патрапіў пад крымінальны пераслед.

Яго затрымалі раніцай 18 студзеня 2021 г. па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, распачатай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

 3 лістапада 2021 Леаніда асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.  А ў кастрычніку 2022 года МУС унёс палітзняволенага праваабаронцу ў пералік "асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".

21 ліпеня 2023 года праваабаронца выйшаў на волю з ПК № 3, цалкам адбыўшы тэрмін і выехаў з краіны.

Ужо знаходзячыся за мяжой былы палітзэк даведаўся пра ўзбуджэнне супраць яго спецыяльнай вытворчасці. 1 лістапада 2023 года Гомельскі раённы СК ўзбудзіў новую крымінальную справу. Леаніду інкрымінаваныя часткі 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса (“садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”). 

Праваабаронца адразу даслаў следчым паперу, дзе пазначыў, што праз рэпрэсіі быў вымушаны пакінуць краіну і пераехаць у Літву, і пакінуў ім свой літоўскі нумар мабільнага для сувязі. Аднак ніхто яму не адказаў: ні следчыя, ні адвакат, якога прызначыла дзяржава.

Затым Судаленка накіраваў абласному суду ў Гомелі хадайніцтвы аб адводзе суддзі і адваката, а таксама заявіў аб сваім удзеле ў справе з дапамогай вэб-канферэнцыі.

Напачатку чэрвеня праваабаронца Леанід Судаленка звярнуўся ў Канстытуцыйны суд РБ, каб паўплываць на практыку завочных судоў у краіне.

Праваабаронца плануе цягам 10 дзён пасля абвяшчэння прысуду падаць апеляцыйную скаргу.