На папярэднім паседжаньні суду 6 сакавіка Віктар Расьлякоў, які працаваў раней у краме ахоўнікам, заявіў хадайніцтва аб дапушчэньні юрыста Свабоднага прафсаюза Мікалая Шараха. Суду былі дадзеныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць законнасьць удзелу прафсаюзнага юрыста: заявы аб уступленьні ў прафсаюз, даверанасьць юрыста прадстаўляць інтарэсы сябраў Свабоднага прафсаюзу Беларускага і Статут СПБ.
Судзьдзя Ірына Даротка палічыла, што гэтыя дакумэнты не пацьвярджаюць факт сяброўства спадара Расьлякова у СПБ і запатрабавала прадставіць дакумэнт з рашэньнем кіруючага органу прафсаюзу аб прыёме Віктара Расьлякова ў Свабодны прафсаюз. Юрыст Віцебскай калегіі адвакатаў, які прадстаўляе інтарэсы дырэктара крамы, таксама была супраць удзелу абаронцы рабочых ад Свабоднага прафсаюзу.
Юрыст СПБ Мікалай Шарах: «Яшчэ не было такога выпадку, каб мяне не дапускалі прадстаўляць у судзе інтарэсы сябраў прафсаюзу. Да гэтага выпадку ўсіх судзьдзяў задавальняла ў якасьці пацьверджаньня сяброўства ў прафсаюзе работніка копія ягонай заявы аб уступленьні ў прафсаюз. Такія паводзінаў судзьдзі толькі зацягваюць разгляд гэтай справы».
Актывісты Свабоднага прафсаюзу мяркуюць, што была парушаная Канвэнцыя міжнароднай арганізацыі працы №87 аб свабодзе аб’яднаньня ў прафсаюз. Гэтая канвэнцыя забараняе дзяржаўным органам умешвацца ў арганізацыйную дзейнасьць прафсаюзу. А судзьдзя стала камэнтаваць Статут прафсаюза і загадваць, якім чынам павінен быць арганізаваны прыём рабочых у прафсаюз.
Судзьдзя Ірына Даротка запатрабавала ад рабочых: «Падайце да наступнага паседжаньня рашэньне прафсаюзу аб прыняцьці адказчыкаў у прафсаюз. Калі ня хочаце, такім чынам, я Вам растлумачваю права наняць адваката, які знаходзіцца ў юрыдычнай кансультацыі ў нашым будынку».
Рабочыя заявілі хадайніцтва аб адводзе судзьдзі, паколькі была створаная перашкода рабочым мець прадстаўніка для абароны іх эканамічных інтарэсаў. Бо дырэктар крамы Юры Савін просіць суд спагнаць з трох былых рабочых у агульнай складанасьці амаль 22 мільёны рублёў (7 827 000 + 10 222 100 + 3 831 500 = 21 880 600 бел. руб.). Судзьдзя Ірына Даротка адхіліла гэтае патрабаваньне рабочых і працягнула судовае паседжаньне. Але пасьля, па хадайніцтве рабочых, судзьдзя вымушаная была абвясьціць перапынак у судовым паседжаньні да 11 сакавіка, каб рабочыя змаглі наняць адваката.
Падтрымаць рабочых у суд прыйшлі сябры Свабоднага прафсаюзу. На думку рабочых, судзьдзя больш ляяльна ставіцца да адваката, які прадстаўляе дырэктара крамы Юрыя Савіна, чымся да былых работнікаў крамы. Але ў габінэце судзьдзі колькасная перавага была на баку працоўных: шэсьць рабочых супраць траіх – судзьдзі, сакратара і адваката дырэктара.
Суд праходзіў ня ў залі паседжаньняў, а ў габінэце судзьдзі. Судзьдзя гэта патлумачыла праблемамі з кампутарам сакратара. У габінэце крэслаў хапіла якраз усім прысутным. Сама судзьдзя не была апранутая ў судовую мантыю, аддала перавагу звычайнай цывільнай вопратцы…
Аляксандар Марозаў