Чацвер, 18 Студзень 2024

“Экстрэмісцкай» прызналі старонку ў «Одноклассниках» 63-гадовай пастаўскай прыбіральшчыцы Алены Барсук

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Рашэнне пра гэта прыняў 12 студзеня Пастаўскі раённы суд. Пра Алену Барсук вядома няшмат – яна не належала ні да якіх апазіцыйных партый, але заўсёды мела прынцыповую грамадскую пазіцыю і не баялася казаць праўду ў вочы начальству. Так яе характарызуюць знаёмыя. Паводле звестак ад землякоў, 9 студзеня жанчыну затрымалі, і, як яна паспела паведаміць, на яе быў складзены пратакол за «распаўсюд экстрэмізму». Прычым спадарыня Барсук сцвярджае, што старонкі ў «Одноклассниках» у яе няма.

Вядома таксама, што 9 студзеня ў Алены Барсук быў праведзены ператрус.
Паводле раскладу працы Пастаўскага райсуду, 16 студзеня Алену Барсук мусілі судзіць паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП. Вынік суду пакуль не вядомы.
Да апошніх падзеяў спадарыня працавала на палову стаўкі прыбіральшчыцай у Пастаўскім КБА. Знаёмыя жанчыны прыгадваюць, што Алена Барсук збіралася на асабісты прыём да Старшыні Савета рэспублікі Наталлі Качанавай, каб распавесці пра факты карупцыі ў рэгіёне.

Мікалай Пачкін