Чацвер, 18 Студзень 2024

«Экстрэмісцкімі» абвясцілі два YouTube-каналы пра Віцебск

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйные фота Ілюстрацыйные фота

У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі YouTube-каналы «Пра Віцебск / Новости Витебска» і «Маяк Беларускі \ Навіны рэгіёнаў», з якіх гледачы маглі даведацца рэгіянальныя навіны без ідэалагічнай цэнзуры. Рашэнне пра тое, што інфармацыйная прадукцыя гэтых рэсурсаў цяпер будзе лічыцца экстрэмісцкай, прыняў 15 студзеня суд Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Відэаканал «Маяк Беларускі \ Навіны рэгіёнаў» быў створаны ў траўні 2022г., ён мае 15,5 тысяч падпісчыкаў. Відэаканал «Пра Віцебск / Новости Витебска» маладзейшы – ён створаны ў сакавіку летась, і менш як за год набраў 13,2 тысяч падпісчыкаў.

Дарэчы, падпісчыкам трэба ўважліва паставіцца да навіны пра прызнанне гэтых рэсурсаў «экстрэмісцкімі»: цяпер наяўнасць падпіскі на іх будзе расцэньвацца як распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і падлягаць дзеянню ч.2 арт.19.11 КаАП. Гэта значыць, пакаранню арыштам, штрафам або грамадскімі працамі.

Што ж такога «экстрэмісцкага» ўгледзеў суд у кантэнце абодвух відэарэсурсаў? Адказаць на гэтае пытанне нялёгка, бо, прыкладам, канал «Маяк Беларускі \ Навіны рэгіёнаў» ужо год як не абнаўляўся. А апошні сюжэт канала «Пра Віцебск / Новости Витебска» быў пра тое, як віцебскія камунальнікі косяць траву пад снегам. І яшчэ пра снег: па адрасе, указаным у «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» цяпер знаходзіцца рэсурс «Пра Віцебск / Кажется, нас заметает». Гэта значыць, фармальна YouTube-канал «экстрэмісцкім» не з'яўляюцца – ні са старой, ні з новай назвай.

Таццяна Аўчыннікава