Пры Пальчыку на волю прыходзіла інфармацыя пра катаванні ў калоніі і звесткі пра тое, што кіраўнік установы асабіста браў у іх удзел. Вязні і іх родныя скардзіліся на начальніка калоніі ў пракуратуру і Следчы камітэт, але гэта на працягу доўгага часу не мела вынікаў – аж да моманту зняцця Пальчыка з пасады. Па часе гэта супала з надзвычайным інцыдэнтам: палітвязень, экс-кандыдат у презідэнты Беларусі Віктар Бабарыка ў канцы красавіка з цялеснымі пашкоджаннямі трапіў з калоніі ў Наваполацкі гарадскі шпіталь. Дагэтуль не вядома, што з ім здарыўся напярэдадні, калі яго вярнулі назад у калонію і які цяпер стан ягонага здароўя.
Зараз ва ўстанове, якой кіруе Руслан Машадзіеў, знаходзяцца 105 палітзняволеных. Сярод іх журналісты Андрэй Кузнечык, Андрэй Аляксандраў, Ігар Лосік.
У санкцыйны спіс трапілі і некалькі суддзяў, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды жыхарам Віцебшчыны. Прадстаўнікоў Глыбоцкага райсуду ў гэтым спісе ажно двое. Галіна Вашчанка, у прыватнасці, судзіла незалежных журналістаў Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача паводле паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП — за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Змітра Лупача, які трапляў пад судовы пераслед дзясяткі разоў, судзілі і глыбоцкі суддзя Андрэй Тарасевіч, і докшыцкі Вячаслаў Елісеенка.
Абодва вядомыя і праз тое, што каралі тамтэйшых жыхароў за «палітыку». Тарасевіч, прыкладам, аштрафаваў глыбачан Дзяніса Локцева і Юрыя Татарыновіча за ўдзел у мірных пратэстах, а жыхара райцэнтра Аляксандра Шэлепня нават за тое, што ў яго на гаўбцы была зазважана выява Пагоні.
Суддзя Докшыцкага райсуду Вячаслаў Елісеенка таксама судзіў і журналістку Таццяну Смоткіну, і шмат каго з мясцовых актывістаў. Гэта ён асудзіў да 18 месяцаў калоніі Аляксандра Сініцу - 19-гадовага хлопца, які напісаў «3%» на мясцовай краме.
Але самая бясспрэчная рэкардсменка па вынясенні палітычных прысудаў – гэта наваполацкая суддзя Зінаіда Балаболава, якая таксама трапіла ў абноўлены санкцыйны спіс. Практычна толькі ёй, за рэдкім выключэннем, давяраюць разбіраць адміністрацыйныя справы па 24.23 КаАП або 19.11 КаАП. На яе рахунку тысячы рублёў штрафаў і незлічоная колькасць «сутак».
Міхась Хмара